14 звычайны тыдзень, 12 ліпеня, чацвер

2018-07-12 Весь День
  • Ос 11, 1–4. 8c–9
  • Пс 80 (79), 2аc і 3b. 15–16  (Р.: 4b)
  • ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 10, 7–15

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце.

Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік свайго спажытку.

У які б горад ці вёску вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце. А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго. І калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго. Калі ж не будзе годны, то спакой ваш вернецца да вас.

А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, то, выходзячы з дому або з горада таго, атрасіце пыл з ног вашых. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомы і Гаморы ў дзень суда, чым гэтаму гораду.

Свету няспынна патрэбна Евангелле, бо яно з’яўляецца шансам для развіцця, якое дапамагае чалавецтву жыць у вечным і нятленным супакоі. Напэўна ўсе бачым, як моцна яго не хапае. На кожным кроку чуем пра новыя войны ды канфлікты. Таму тым больш, кожны хто ведае Евангелле, абавязаны яго абвяшчаць. Такім чынам выражаецца старанне пра тое, каб разам з хуткім цывілізацыйным развіццём, не занядбаць і развіцця духоўнага. Хоць гэта і складана, аднак мы павінны быць штораз больш зацікаўлены чалавекам, а менш “паясамі сваімі”. Бо варта больш быць, чым няспынна прагнуць больш мець. Езус, ведаючы сапраўдную вартасць Евангелля, высылаючы вучняў абвяшчаць яго, даў ім таксама канкрэтныя ўказанні. Паказаў ім перш за ўсё, што варта працаваць с тымі людзьмі, якія адкрытыя і шукаюць. Не варта марнаваць час на незацікаўленых, бо час, прызначаны на місійнае служэнне, бясцэнны.

Няма таксама сумненняў, што праўда пра збаўленне павінна перадавацца ўсім плямёнам і народам бясплатна. Можа таму, многія нашы сучаснікі сумняваюцца ў яе вартасці. У свеце, дзе амаль за ўсё ўжо трэба плаціць, з’яўляецца раптам штосьці абсалютна бясплатнае. Адсюль усяго толькі крок да высновы, што калі нічога не каштуе, то канешне і нічога не варта. Ці ж аднак Збаўленне сапраўды нічога не каштуе? Канешне не! Я ведаю, што было яно аплачана па найвышэйшай цане. Цаною той было жыццё Сына Божага, аддадзенае за нас і для нас на крыжы.

Брат Бартош Познаньскі OFMCap, Аўстрыя