ЕС прафінансуе рэстаўрацыю 400-гадовага касцёла ў Мсціславе

Еўрасаюз накіруе сродкі на аднаўленне кармеліцкага касцёла ў Мсціславе. Пра гэта стала вядома 13 лютага.

Сродкі будуць мэтава накіраваныя на аднаўленне сакральнай пабудовы кармелітаў і яе ўнікальных фрэсак XVI стагоддзя, а таксама будынка былога езуіцкага калегіума, гатэлю «Эрмітаж» і будынка былой мужчынскай гімназіі, паведамляе euneighbours.eu.

Яшчэ адна галіна, па якой будзе рэалізоўвацца фінансаванне – стварэнне візіт-цэнтра як сродку папулярызацыі горада як турыстычнага кірунку.

У 2015 годзе Беларусь далучылася да сумеснага праекта Еўрапейскага саюза і Рады Еўропы «Удзел грамадства ў аднаўленні гістарычных гарадоў» (COMUS). Вынікам стаў праект па Мсціславе.

З беларускага боку куратарам праекта выступае Начальнік аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны міністэрства культуры Наталля Хвір.

Аб даце будаўніцтва Успенскага кляштара і мураванага касцёла кармелітаў у Мсціславе можна меркаваць толькі па па спасылках на дакументы XVII і XVIII стст. У 1654 годзе пасля ўзяцця Мсціслава маскоўскімі войскамі манахі-кармеліты былі перабітыя, гэтай падзеі прысвечаныя дзве цэнтральныя фрэскі храма. Дабудоўваўся касцёл значна пазней, – у другой палове XVII ст.

Інтэр’ер касцёла багата аздоблены лепкай і фрэскам, размешчанымі на паўднёвай, паўночнай і алтарнай сценах галоўнага нефа і на скляпеннях бакавых нефаў. Захавалася каля дваццаці кампазіцыяў, некалькі дзесяцігоддзяў таму іх аднаўленнем займаліся студэнты-мастакі з Мінску, у тым ліку – пісьменнік Адам Глобус.

krynica.info

для друку для друку