Епіскапат Беларусі адправіцца ў Ватыкан з візітам “ad limina”

Епіскапат Беларусі ў поўным складзе адправіцца ў Ватыкан з візітам “ad limina Apostolorum”. На працягу першага тыдня лютага 2018 г. біскупы наведаюць ватыканскія дыкастэрыі і падзеляцца з іх прадстаўнікамі інфармацыяй аб жыцці Касцёла ў краіне, будуць цэлебраваць св. Імшы ў чатырох вялікіх рымскіх базыліках: св. Пятра, св. Паўла за мурамі, св. Яна на Латэране і святой Марыі Вялікай (Санта-Марыа-Маджорэ). 

Кульмінацыйным момантам візіту стане сустрэча са Святым Айцом Францішкам. З 2017 г. падчас “ad limina” няма сустрэч Папы з асобнымі біскупамі і яго афіцыйных прамоў. Ён прымае епіскапат у поўным складзе і размаўляе з іерархамі спантанна за зачыненымі дзвярыма.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызнаўся, што падчас чацвёртага для беларускага епіскапату “ad limina Apostolorum” будуць уздымацца сапраўды важныя пытанні. “Кожны такога роду візіт – гэта своеасаблівае справаздача за мінулы перыяд жыцця Касцёла. Ёсць праграма. Ёсць пытанні, на якія трэба адказаць. Кожная дыяцэзія робіць гэта. Гэта каля 80 старонак. Апрача гэтага, ужо на месцы, вызначаны біскуп робіць справаздачу падчас візітаў у ватыканскіх дыкастэрыях. Мне, напрыклад, даручылі зрабіць гэта ў Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі. Гэта вялікая праца, якую самаму выканаць не магчыма. Над гэтым працавалі шматлікія святары, кожны ў сваёй галіне, бо тут і сям’я, і экуменізм, і міжрэлігійны дыялог, і духавенства, і кансэкраваныя асобы”, — сказаў іерарх.

Паводле традыцыі, у межах візіту “аd limina Apostolorum” біскупы з усяго свету прыбываюць у Рым. Раней гэта адбывалася кожныя пяць гадоў, падчас апошніх пантыфікатаў больш рэдка.

Арцыбіскуп Кандрусевіч лічыць, што такія візіты – гэта магчымасць упарадкаваць некаторыя справы ў дыяцэзіях і епіскапаце. “Гэта добры знак, бо можа штосьці там было недароблена, можа змянілася сітуацыя ў нейкай камісіі епіскапату і трэба змяніць яе членаў. Усё гэта прыводзіцца ў парадак. Я б параўнаў гэта з рахункам сумлення перад споведдзю”, — сказаў ён. 

Іерарх прызнаўся, што падчас сустрэч, у тым ліку з Пантыфікам, будзе закранацца пытанне падрыхтоўкі дамовы беларускай дзяржавай. “Нам трэба прадставіць свой Касцёл: хто мы такія, адкуль прыбылі, як мы жывём, якія праблемы існуюць? Мы кажам адкрыта аб нашых праблемах. Напрыклад, тое ж пытанне падпісання канкардату або пагаднення паміж Канферэнцыяй Біскупаў і дзяржавай. Мы кажам таксама, якімі праблемамі жыве беларускі народ, якія выклікі існуюць у нас. У Ватыкане павінны ведаць аб гэтым, і не толькі з нейкіх навін, а з першых рук. Нам важна пачуць меркаванне Папы адносна вырашэння гэтых праблем – асабісты кантакт з ім незвычайна каштоўны для нас”, — паведаміў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Папярэдні візіт “аd limina Apostolorum” Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбыўся восем гадоў таму, 11-17 снежня 2009 г.

Ватыканскае радыё

для друку для друку