Елка, поўная сімвалаў

Нягледзячы на тое, што святы Божага Нараджэння сягаюць сваёй традыцыяй у першыя стагоддзі нашай эры, аздабленне елкі – адносна малады звычай. Калядным дрэвам хвойныя былі выбраны ў XVI стагоддзі. У біяграфіі св. Баніфацыя чытаем, што падчас св. Імшы на Божае Нараджэнне ён зрубіў святы для язычнікаў дуб і знішчыў усе дрэвы навокал, пакінуўшы толькі адну невялікую сасонку, якая і стала пазней прататыпам сённяшняй елкі.

Традыцыя ставіць на свята хвойнае дрэва хутка распаўсюдзілася ў пратэстанцкіх краінах у Еўропе. Каталіцкаму Касцёлу першапачаткова гэты звычай не падабаўся, але з часам ён быў прыняты і атрымаў новае значэнне. Елка стала адпаведнікам біблійнага “дрэва пазнання дабра і зла”, таму на ёй змяшчалі невялікія чырвоныя “райскія яблыкі”, што прыгадваюць пра першародны грэх. Святочнае дрэва дазвалялася аздабляць толькі ў Вігілію, г. зн. у дзень, калі Касцёл узгадвае Адама і Еву, што з’яўляецца спасылкай на грэх і падзенне чалавека.

Варта падкрэсліць, што елачныя аздобы маюць сваю сімволіку. На вярхушцы знаходзіцца бэтлеемская зорка – на ўспамін той, якая правяла 3-ох каралёў да ясляў. Цяпер яна абазначае своеасаблівы маяк, які мае дапамагчы членам сям’і вярнуцца дадому здалёку, каб разам сабрацца за вігілійным сталом. Званочкі з’яўляюцца сімвалам Добрай Навіны і радасці, а агеньчыкі і лямпачкі – знакам біблійнага “Святла свету”, Хрыста. Яблыкі, што некалі былі абавязковай аздобай на елцы, – гэта напамін аб плодзе з райскага дрэва. Сёння іх замянілі чырвоныя шарыкі.

Простая, але шыкоўная аздоба

Калядныя святы ў многіх з нас асацыіруюцца з выцінанкай, калі вялікія і маленькія вокны гарадскіх кватэр і вясковых дамоў упрыгожваюцца ажурнымі папяровымі ўзорамі. Сустракаюцца выявы святочных елак, звяроў і птушак, снегавікоў, зімовыя пейзажы. Ідучы па вуліцы і зазіраючы ў вокны можна таксама ўбачыць хрысціянскія матывы:

   бэтлеемскія зоркі, званочкі, шопкі, анёлкаў і св. Мікалая з мяшком падарункаў. Калі ёсць жаданне прыгожа, арыгінальна і па-хрысціянску аздобіць свае вокны, не абавязкова быць вопытным майстрам-выразальшчыкам. Уласнаручна выканаць калядную выцінанку можна з дапамогай трафарэтаў, якіх шмат у Інтэрнэце.

slowo.grodnensis.by

для друку для друку