Экзарцызмаванне вады, солі і алею: што гэта і навошта?

Ужо пэўны час у Браслаўскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі раз на месяц адбываецца малітва аб захаванні ад злога духа і экзарцызмаванне вады, солі і алею. Дастаткова шмат парафіянаў карыстаюцца з такога абраду, але, часам, узнікаюць сумненні, ці ўсе ведаюць яго сутнасць.

З усімі пытаннямі і сумненнямі звяртаемся да пробашча парафіі кс. Станіслава Мжыглуда SDS.

‒ Ксёндз Станіслаў, чаму ў нашай парафіі ўзнікла неабходнасць правядзення малітвы аб захаванні ад злога духа і экзарцызмавання вады, солі і алею? (падобнае я не сустракала ў іншых парафіях)

‒ Я лічу, што такая малітва павінна быць у кожнай парафіі. Таму што нам патрэбна малітва, якая дапамагае зразумець, што акрамя дабра і Бога існуе яшчэ злы дух, які таксама дзейнічае і хоча сабраць вакол сябе як мага больш людзей. Тым больш, што вернікі нашай парафіі, на жаль, яшчэ часам вераць у розныя забабоны, звяртаюцца ці звярталіся да так званых «бабак», робяць замовы. А такія дзеянні адчыняюць дзверы на дзеянне злога духа. І людзі ад гэтага пакутуюць.
Гэтая малітва ў нашай парафіі пачала праводзіцца яшчэ калі пробашчам быў кс. Лешэк Вітвіцкі SDS. На такую малітву не патрэбен дазвол біскупа, бо яе можа праводзіць кожны святар. Тут мы кажам не пра малітву над апантанымі людзьмі ‒ гэта ўжо зусім іншая справа.

‒ Хто можа скарыстацца з такой малітвы, каму яна патрэбна?

‒ Напэўна, у першую чаргу яна патрэбна тым, хто якім-небудзь чынам быў звязаны з акультызмам. А другое ‒ такая малітва не зашкодзіць кожнаму католіку.

‒ Значыць, можна проста прыйсці на гэтую малітву, не прыносячы соль, алей?

‒ Так, канечне. Бо спачатку ідзе малітва аб захаванні ад злога духа, а толькі пасля экзарцызмаванне вады, солі і алею. Гэта звычайная малітва Касцёла, якая мае даўнюю традыцыю, але накіравана на вызваленне ад дзеянняў злога духа.

І не трэба быць апантаным, каб скарыстацца з такой малітвы. Яна ‒ для шырокага кола вернікаў.

‒  А як правільна выкарыстоўваць экзарцызмаваныя ваду, соль і алей?

‒ Усё, што благаслаўляем, экзарцызмуем ‒ соль, ваду і алей ‒ выкарыстоўваем для абароны ад уплыву злога духа для сябе і свайго дому. Таму вадой можна акрапіць дом, яе неабходна піць ці з яе гатаваць ежу. Тое самае соль і алей. Не трэба асвячаць літрамі і кілаграмамі, каб пасля ўсё ляжала без патрэбы. Даўней соллю, напрыклад, пасыпалі палі, сады, зямлю вакол дома, нават давалі свойскай жывёле.

Што датычыць алею, ён павінен быць з алівак, а не сланечнікавы. Раней яго выкарыстоўвалі для смазвання ран ці іншых месцаў хворых людзей (але ў сакрамэнце намашчэння хворых выкарыстоўваецца іншы алей, які благаславіць біскуп). Таму не трэба алей прыносіць бутэлькамі, бо я, асабіста, не ведаю, што з ім тады можна рабіць.

У малітве мы просім, каб праз ваду, соль і алей Бог абараняў нас ад злога духа. Значыць мы павінны асвячаць столькі, колькі нам неабходна для выкарыстання. І, канечне, памятаць, што ўсе асвечаныя прадметы ці стравы без нашай веры не маюць ніякага значэння. Мы верым, што ва ўсім дзейнічае Бог, а не соль ці вада сама па сабе можа дапамагчы.

‒ Ці ёсць сэнс камусьці падсыпаць такую соль у ежу?

‒ Канечне, не. Бо сама па сабе соль нічога не дасць: чалавек павінен ведаць, што гэта за соль. І зноў жа: мы павінны верыць, што Бог дапамагае, а не соль ці алей. Гэта толькі дапамога.

Адзначу, што ёсць розніца паміж экзарцызмаванай вадой і асвечанай. Але нельга сказаць, што адна з іх мае большую моц за іншую. Розніца тут у словах малітвы. Гэтай розніцы немагчыма ўбачыць вачыма: сэнс у малітве. Я згодны, гэта цяжка зразумець, бо пытанне датычыць нашай веры.

‒ Так разумею, такая вада ў любым выпадку не зашкодзіць, а выкарыстоўваць яе можна так, як і асвечаную ваду?

‒ Так, канечне.

‒ Якія ў Вас будуць яшчэ заўвагі па тэме?

‒ Мая заўвага ў тым, каб людзі не набіралі вады, солі і алею толькі таму, што раз на месяц ксёндз благаслаўляе. Усё гэта неабходна выкарыстоўваць з верай.

Але заахвочваю прыходзіць на малітву, і ахвяраваць яе за сябе ці іншых людзей, родных, якія могуць паддавацца веры ў забабоны, абярэгі, гараскопы і падобнае. А соль, вада і алей ‒ гэта бачны знак нашай малітвы, які, канечне, мае сілу. Але толькі з верай.

‒ Дзякуй за тлумачэнне!

Гутарыла Святлана Жылевіч, waladarka.by

для друку для друку