Эксперт пра сітуацыю з сакральнай архітэктурай у Беларусі

Нягледзячы на тое, што з моманту падзення атэістычнай улады мінула больш за чвэрць века, пытанне аховы і вяртання помнікаў сакральнай архітэкруты да гэтага моманту стаіць востра, лічыць даследчык Уладзімір Дзянісаў, сябра Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў, гісторыі і культуры, галоўны архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіва.

У розных месцах краіны яно вырашаецца па-рознаму і ўвесь гэты час рэлігійныя будынкі, якія ў савецкія часы страцілі сваё натуральнае прызначэнне, вярталіся і вяртаюцца розным канфесіям.

У некаторых месцах працэс не выклікаў складанасцяў, а ў іншых – ідзе даволі цяжка ці ўвогуле не ідзе, пракаментаваў сітуацыю ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Уладзімір Дзянісаў. “Напрыклад, у Мінску захаваліся руіны аўтэнтычнай уніяцкай царквы, якая сёння вядома як каталіцкая капліца ў Лошыцкай сядзібе. Ёсць дакладныя звесткі ў нашым архіве, што на гэтым месцы была заснавана Лошыцкая царква, потым ужо ў XVIII ст. у стылі барока была пабудавана мураваная царква на месцы старой драўлянай (захаваліся звесткі, некаторыя малюнкі).

Потым уладальнікі Прушынскія ствараюць з яе каталіцкую алтарыю, якая сёння нам вядома з пач. XX ст. як каталіцкая капліца роду Прушынскіх. І вось па сённяшні дзень гэта капліца стаіць у руінах і нікому не вяртаецца. І я думаю, што і Уніяцкая Царква і Рыма-каталіцкі Касцёл з вялікім задавальненнем аднавілі б гэты ўнікальны помнік барока XVIII ст., але на жаль зроблена толькі пярвічная кансервацыі, і храм стаіць так шмат гадоў і пытанне гэта не вырашаецца”, — прывёў прыклад даследчык.

Пры гэтым, нагадаў Уладзімір Дзянісаў, спробы і просьбы аб перадачы капліцы Рыма-каталіцкаму Касцёлу ў гісторыі былі, аднак не вырашыліся станоўча. Як і пытанне з комплексам будынкаў былога Бернардынскага кляштару ў цэнтры Мінска. Калісьці быў ухвалены праект па будаўніцтве піўнога рэстарана на месцы святарскіх пахаванняў, потым – праект гатэлю з некалькіх будынкаў кляштару.

Прыклады, калі сакральныя будынкі набываюць свецкае прызначэнне, ёсць, у прыватнасці ў Еўропе, але па кардынальна іншых прычынах – рэлігійныя ўстановы самі не могуць трымаць на банасе невялікіх старых прыходаў такую рухомасць і таму прымаюць такое рашэнне. У Беларусі ж – наадворот, жаданне ёсць, а дазволу няма. У аснове праблемы – адсутнасць закона аб рэстытуцыі, па якім канфіскаваныя ў савецкія часы будынкі (і не толькі храмы, але і сядзібы, зямельныя надзелы) вярталіся б былым уладальнікам. У прыватнасці, да гэтага часу ва ўнікальным будынку, помніку барока XVII ст. – касцёле св. Юзафа ў Мінску – знаходзяцца два архівы, адзначыў даследчык, і калі б знайшліся сродкі перанесці гэтыя ўстановы з былога храму, магчыма, пытанне аб яго вяртанні зноў паўстала б.

Прыкладам станоўчага дыялогу паміж уладамі і рэлігійнымі ўстановамі Уладзімір Дзянісаў лічыць вяртанне вернікам і рэстаўрацыю Архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшай Імя Марыі. Гэта была сумесная праца беларускіх і польскіх спецыялістаў, вынікам якой стаў прыгожы і максімальна набліжаны да гістарычнага выгляд святыні. “Знаходзіліся кампрамісы, вырашаліся пытанні, удалося захаваць фрагменты ўнікальнага жывапісу XVIIІ-XIV ст.ст., на жаль дах зроблены с металачарапіцы, а не сапраўднай, як павінна, але магчыма пройдзе час, трэба будзе мяняць, і з’явіцца аўтэнтычны дах. Але, на мой погляд, гэты аб’ект быў зроблены на самым высокім узроўні, чаго не скажаш пра іншыя, якія належаць розным канфесіям. Прыклад – рэстаўрацыя кафедральнага Свята-Духава сабора ў Мінску, на фасадзе якога некалі з’явілася фларэнтыйская мазаіка, яка не адпавядае яго гістарычнаму выгляду”, — адзначыў гісторык.

Сёння яшчэ адзін знакавы рэлігійны аб’ект чакае свайго ўжо трэцяга нараджэння. Рашэнне аб рэканструкцыі касцёла св. Сымоны і св. Алены прынята. Некаторыя працы вядуцца, пракаментаваў Уладзімір Дзянісаў. “Па-першае, былі выкананы гісторыка-архіўныя даследванні на даволі высокім узроўні, натурныя даследванні. Я ведаю, што навуковы кіраўнік Людміла Іванова – добры спецыяліст. Ужо паднавілі крыжы, вядома, некаторыя інжэнерныя праблемы будуць вырашацца. Я не ведаю, напрыклад, што можна зрабіць з фасадам касцёла.

Тая чырвоная цэгла, з якой ён пабудаваны, — унікальны матэрыял, які спецыяльна замаўляўся фундатарам Эдвардам Вайніловічам з Еўропы, і ён зараз знаходзіцца ў добрым стане, магчыма, некаторыя фрагменты трэба будзе аднавіць. Сур’ёзная праблема – гэта інтэрьер, бо там былі знойдзены фрагменты манахромнага жывапісу, якім былі ўпрыгожаны сцены і скляпенні. Як ён будзе аднаўляцца – не вядома. Таксама ў свой час святыня мела прыгожую металічную агароджу па праекце Баяздэрскага, які і памёр падчас будавання святыні, і, вядома, калі ўдасца гэта аднавіць – гэта было б добра”, — падзяліўся даследчык.

Сябры Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў уважліва сочаць і за найноўшымі планамі па змяненні вобліку гарадоў, у прыватнасці Мінска. Увага да гістарычнай забудовы цэнтру, аднаўлення сядзіб, абарона такіх непаўторных куткоў, як квартал Асмалоўка.
Сёння развярнулася цэлая грамадская кампанія па барацьбе з будаўніцствам новага касцёла у парку Котаўка.

У сучаснай гісторыі Мінска было шмат выпадкаў, калі ў зялёных зонах узрасталі цэлыя комплексы з гатэлямі, пры якіх праводзілася і вырубка дрэваў, і перапланіроўка тэрыторыі, а ніякага буйнога і рэзанаснага супрацьстаяння не назіралася, нагадаў Уладзімір Дзянісаў. “Абсалютна іншая сітуацыя, калі пачынаецца будаўніцства на тэрыторіі такіх комплексаў зялёных пасадак, якія сёння не дабраўпарадкаваны, якія некалі ўзніклі стыхійна, без градабудаўнічага плана. Вядома, гэта такія кавалачкі зеляніны, лёгкія гораду, іх трэба захоўваць і развіваць.

І на сённяшні дзень, на жаль, шмат менавіта такіх месцаў па рашэнні архітэктурных уладаў адыходзяць пад камерцыйныя структуры: гіпер- ці супермаркеты. А калі на такой тэрыторыі з’явіцца культавы аб’ект, нейкая хрысціянскай святыня? Мы наадварот павінны падтрымаць ідэю, таму што праект цалкам не знішчыць месца, а вельмі ашчадна ўпіша ў гэту тэрыторыю храм, вельмі ўдала і ўмела. І наадварот, гэта месца стане кропкай прыцягнення людзей. І тэрыторыя будзе дабраўпарадкавана, у першую чаргу дзякуючы самім вернікам. І вось праблема, якая ўзнікла ў мікрараёне Зялёны Луг. Але я ўпэўнены, што кіраўніцтва Касцёла ніколі не пойдзе на знішчэнне парка.

Наадварот, калі тут з’явіцца святыня, з’явяцца і новыя пасадкі, і тэрыторыя будзе прыведзена ў парадак, і будзе тут сапраўдны парк, дзе людзі не толькі прыдуць да святыні, але і змогуць адпачыць побач і паслухаюць птушак. Вядома, трэба ўважліва падыходзіць да гэтага пытання і ашчадна ставіцца да захавання зялёных мяцін горада, бо ў Мінску іх не хапае па ўсіх нормах, бо шмат было знішчана і прыватнай застройкі, і сядзіб, якія трапілі ў рысу горада. Але трэба шукаць капмпраміс, і я думаю, што можна адшукаць капраміс паміж эколагамі і кіраўніцтвам касцёла, каб вырашыць гэта пытанне,” – выказаў меркаванне эксперт.

У любым выпадку: пры абароне старажытных ці стварэнні новых аб’ектаў да пытанняў будаўніцтва трэба падыходзіць і ашчадна, і прафесійна, і зацікаўлена, лічыць Уладізмір Дзянісаў: кожнаму трэба быць зацікаўленым у захаванні сапраўднай спадчыны сваёй зямлі для сваіх нашчадкаў.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку