Дзяржсакратар Апостальскай Сталіцы наведаў Беларусь

minsk_moladz29Пакуль беларускія вернікі з надзеяй чакаюць на прыезд Святога Айца, другі раз за гісторыю незалежнасці нашу краіну наведвае дзяржаўны сакратар Папы Рымскага. З 12 да 15 сакавіка 2015 г. у Беларусі з афіцыйным візітам быў кардынал П’етра Паралін. Візіт адбыўся на запрашэнне беларускіх уладаў на фоне паляпшэння адносінаў паміж беларускай дзяржавай і еўрапейскімі краінамі, а таксама пасля нядаўніх крытычных выказванняў прадстаўнікоў улады у бок Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Паводле думкі аналітыкаў, беларускія ўлады разлічваюць на падтрымку Ватыкана ў дыпламатычнай сферы ў працэсе нармалізацыі адносін з Захадам, каталіцкі ж бок разлічвае на садзейнічанне ў стварэнні каталіцкай вышэйшай навучальнай установы, а таксама на пэўныя зрухі ў падпісанні канкардату з дзяржавай, які вызначыць юрыдычныя аспекты ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і Касцёлам.

Усе кажуць пра магчымы прыезд Папы ў Беларусь

Адбыліся сутрэчы ватыканскага іерарха з прэзідэнтам Беларусі, прэм’ер-міністрам, старшынёй Савета Рэспублікі, міністрам замежных спраў. Падчас сустрэчы дзяржсакратара з прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў краіне разглядаюць яго візіт як сведчанне гатоўнасці Святога Пасада да актывізацыі супрацоўніцтва з Беларуссю, і ўрад надае вялікае значэнне развіццю сяброўскіх адносін з Ватыканам ва ўсіх сферах. Прэм’ер-міністр адзначыў, што «беларускія вернікі з нецярпеннем чакаюць візіту Пантыфіка». Таксама старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч выказаў пажаданне, каб візіт кардынала П’етра Параліна ў Беларусь, дыялог на вышэйшым узроўні спрыяў таму, каб адбыўся візіт у нашу краіну Папы Францішка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваёй размове з кардыналам паведаміў пра чаканні беларускіх уладаў адносна развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: “Мы хацелі б, каб у Царкве працавала больш мясцовых каталіцкіх святароў. (…) Таму і будаўніцтва ў Беларусі і прадстаўніцтва Ватыкана, і адукацыйнай акадэміі было маёй ініцыятывай”.

Па выніках сустрэч з прадстаўнікамі ўлады, кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску 14 сакавіка 2015 г. адзначыў, што каталіцкая супольнасць Беларусі заслугоўвае на візіт Папы Францішка. “Я думаю, што гэта пажаданне заслугоўвае задавальнення, як з улікам  таго досведу пакутаў, які перанесла каталіцкая супольнасць Беларусі, так і з улікам яе ўкладу ў станаўленне, аднаўленне і развіццё рэлігійнага жыцця ў Беларусі”, — сказаў ватыканскі іерарх.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кардыналам П’етра Паралінам і абмеркаваў з ім шэраг пытанняў.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што акрамя жадання самой каталіцкай супольнасці Беларусі, запрашэнні адносна візіту Папы Францішка паступілі таксама ад усіх галінаў дзяржаўнай улады. “Гэта запрашэнне і жаданне ўбачыць Папу Францішка на беларускай зямлі было агульным элементам маіх сустрэч у дзяржаўных органах”, — дадаў ён.

Што з канкардатам?

Кажучы аб тым, на якім этапе зараз знаходзіцца падрыхтоўка канкардату паміж Беларуссю і Ватыканам, кардынал адзначыў: «Падрыхтоўка канкардату ў дарозе». Гэтае пытанне, па словах іерарха, абмяркоўвалася таксама падчас яго сустрэч у дзяржаўных органах Беларусі.

Вечарам 14 сакавіка 2015 г. дзяржсакратар Яго Святасці Папы Францішка прыбыў на велікапоснае начное чуванне моладзі. Кардынал Паралін здзіўляўся, усміхаўся, апладзіраваў, уважліва слухаў моладзь – будучае Касцёла. Як паведамляе Беларуская служба Ватыканскага радыё, маладым вернікам удалося задаць некалькі пытанняў пасланніку Папы Францішка: напрыклад, пра будаўніцтва каталіцкай акадэміі і, вядома, пра візіт Пантыфіка ў Беларусь. Іерарх, адказваючы жартам пра перспектыву прыезду Папы, адзначыў, што жаданню моладзі Святы Айцец не зможа супрацьстаяць.

Трэба змагацца за сваю веру

Падчас Святой Імшы 15 сакавіка 2015 г. у мінскім архікатэдральным саборы Найсвяцейшай Панны Марыі Кардынал Паралін закрануў шэраг блізкіх беларускаму сэрцу тэмаў у сваёй гаміліі. У яе тэксце іерарх запэўніў, што Папа вельмі жадаў бы быць паміж беларускіх вернікаў, але, пакуль пэўныя абставіны не дазваляюць гэтага зрабіць, ён скіраваў сюды свайго пасланніка.

“Папа добра ведае, што вас вельмі шмат у гэтай краіне, і што ў вашай гісторыі былі па-сапраўднаму складаныя моманты. Яшчэ зусім нядаўна святары дэпартаваліся, касцёлы разбураліся, супольнасці разганяліся, у той час як добра арганізаваная і настойлівая прапаганда намагалася выкрасліць з сэрцаў вернікаў вобраз Божы. Не ведалі, што гэты вобраз нельга выкрасліць, таму што ён быў глыбока ўпісаны рукой самога Бога”, — падкрэсліў кардынал Паралін.

Пасланнік Святога Айца заклікаў беларускіх вернікаў працягваць змагацца за сваю веру – змагацца супраць маленькіх ідалаў, якія хочуць заняць месца Бога: ілюзіі лёгкага абагачэння, страты адчування дабра і зла, абыякавасці, хаджэння ў касцёл толькі за звычкай, усведамлення сябе каталікамі толькі як этнічнай ідэнтычнасці, жыцця без сэнсу, без мэты і без напрамку, праслаўлення Бога вуснамі, а не сэрцам.

Візіт высокага прадстаўніка Каталіцкага Касцёла завяршыўся, а каталіцкая супольнасць нашай краіны з надзеяй верыць у тое, што гэтая падзея адкрые новыя перспектывы для жыцця веры і магчымасці рэалізаваць духоўныя патрэбы беларускага народа. Прыезд жа Святога Айца стане не толькі візітам ветлівасці, а сапраўдным сведчаннем таго, што “на Беларусі Бог жыве”.

а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст

для друку для друку