Дзяржаўны Cакратар Папы Францішка прыбыў у Беларусь

paralin12 сакавіка ўвечары распачаўся афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь кардынала П’етра Параліна, Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы Францішка. Ватыканскі іерарх прыбыў па запрашэнні дзяржаўных уладаў краіны.

Кардынал П’етра Паралін прыбыў у Нацыянальны аэрапорт «Мінск» не спецыяльным, але звычайным рэгулярным рэйсам, паведамляе catholic.by.

У аэрапорце Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці першымі прывіталі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік.

Таксама на цырымоніі прывітання высокага госця з Ватыкана прысутнічалі ўсе ардынарыі Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

phoca_thumb_l_2015-03-12-paralin-airport-012

Візіт Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка ў Беларусь здзяйсняецца па запрашэнні дзяржаўных уладаў краіны, таму на цырымоніі прывітання прысутнічалі прадстаўнікі ўладаў: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік і намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алена Купчына.

Кардынала П’етра Параліна традыцыйна прывіталі хлебам-соллю.

phoca_thumb_l_2015-03-12-paralin-airport-008

Таксама пасля прыбыцця ў Беларусь кардынал паразмаўляў з журналістамі. У прыватнасці, іерарх адзначыў, што яго візіт сюды як прадстаўніка Святога Айца — гэта прызнанне Беларусі, беларускага народа, Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з боку Апостальскай Сталіцы і Святога Айца.

Кажучы пра ролю Беларусі для ватыканскай дыпламатыі, асабліва ў сувязі з падзеямі ва Украіне, кардынал назваў Беларусь вельмі важнай пляцоўкай для вырашэння ўкраінскага крызісу. Дзяржаўны Сакратар дадаў, што тут гаворка ідзе перш за ўсё пра мінскія перамовы і пагадненні. Па словах іерарха, Святы Пасад вельмі жадае вырашэння гэтага крызісу, і Беларусь адыгрывае ў гэтым надзвычай вялікую ролю.

13 сакавіка Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці правядзе шэраг сустрэч на самым высокім узроўні, сустрэнецца з кіраўніцтвам Праваслаўнай Царквы, а таксама асвяціць першы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску. Прадстаўнік Святога Пасаду атрымае магчымасць лепш пазнаць жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам.

Скіроўваючы ў Беларусь свайго Дзяржаўнага Сакратара, Папа Францішак імкнецца выказаць глыбокую павагу да беларускага народа і праз свайго бліжэйшага супрацоўніка з’яднацца ў малітве з беларускімі католікамі.

Дзяржаўны Сакратар з’яўляецца галоўным супрацоўнікам Папы ў справе кіравання Паўсюдным Касцёлам і прадстаўляе ў пэўных умовах асобу самога Пантыфіка.

Гэта другі падобны візіт у сучаснай гісторыі Беларусі: у 2008 г. краіну наведваў Дзяржаўны Сакратар кардынал Тарчызіо Бэртонэ.

Кардынал П’етра Паралін будзе прабываць у Беларусі па 15 сакавіка.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі