Дзве калядныя сустрэчы прайшлі ў інтэграцыйнай святліцы ў Лепелі

12 снежня ў Лепельскай інтэграцыйнай святліцы адбыліся дзве святочныя сустрэчы для дзетак з карэкцыйнага цэнтра і маладых людзей, што наведваюць аддзяленне дзённага прабывання для інвалідаў Лепельскага ТЦСАН.

Сустрэчы былі арганізаваныя па ініцыятыве супрацоўнікаў Caritas Віцебскай дыяцэзіі і выхавацеляў святліцы. Праводзіла сустрэчы каардынатар праекта па стварэнні і функцыянаванні інтэграцыйных святліц с. Дар’я Галубкова OV.

Сустрэча са старымі сябрамі — заўсёды свята. Тым больш, калі адбываецца яна напярэдадні Божага Нараджэння. Госці, валанцёры, выхавацелі і дзеці цудоўна бавілі час за душэўнымі размовамі, пачастункам, творчымі заданнямі. Падзяліліся дасягненнямі і ўспамінамі пра цікавыя падзеі, што адбыліся ў 2018 годзе.

Усе госці атрымалі ад Caritas калядныя падарункі. У сваю чаргу дзеткі падаравалі нам прыгожыя калядныя паштоўкі, якія зрабілі ўласнымі рукамі разам з выхавацелькамі. Юлія Бараноўская прадставіла танцавальны нумар «Чарлі», а Дзмітрый Гаўрушын прысвяціў усім прысутным святочныя песні.

Супрацоўнікі і валанцёры Caritas Віцебскай дыяцэзіі таксама атрымалі запрашэнне на святочныя мерапрыемствы, якія адбудуцца ў карэкцыйным цэнтры і ТЦСАН Лепельскага раёна.

Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

с. Дар’я Галубкова OV

для друку для друку