Дзмітрый Прыступа: “Я буду служыць Богу, людзям і Беларусі”

Дзмітрый Прыступа досыць добра вядомы вернікам касцёла Святога Антонія Падуанскага. Некалькі год запар ён як клерык-сэрцанін прыязджаў на практыку і дапамагаў у касцёле і ў летніх лагерах. Цяпер ён, будучы ўжо дыяканам, некалькі месяцаў служыць у Паставах, прамаўляе казанні на добрай беларускай мове і ў штодзённых стасунках карыстаецца толькі ёю.

– Дыякан Дзмітрый, часта задаюць пытанне: чаму трэба звяртацца да Бога на сваёй роднай мове?

– Я сэрцанін, законнік. Вельмі часта спатыкаюся з такім пытаннем: чаму Вы, ксёндз, моліцеся па- беларуску? Пытанне вельмі дзіўнае для мяне. Па-першае, мы знаходзімся ў Беларусі, і беларуская мова для нас – першая мова, родная, мова нашых айцоў і дзядоў, якую мы ўсмоктваем з малаком маці. І пагэтаму маліцца на гэтай мове – гэта значыць размаўляць з Богам на той мове, якая для мяне зразумелая і якая з’яўляецца тым малаком, малаком маёй маці, праз якое я кантактую з Богам. Па-другое, мова ў малітве – гэта выраз сваіх пачуццяў, сваіх эмоцый, свайго дыялогу з Богам, дыялогу, які вядзе да ўдасканальвання мяне і таксама маіх блізкіх, якія з гэтай мовы карыстаюцца.

– На якой мове Вы маліліся ў дзяцінстве? Ці была ў доме супольная малітва?

– Я родам з Баранавіч. Акрамя мяне, у сям’і раслі дзве сястры: старэйшая за мяне і малодшая. Вечарам мы заўсёды дзякавалі Богу за мінулы дзень і маліліся ўсёй сям’ёй: ці ў нашых розных патрэбах, ці за бацьку, які адсутнічаў, бо быў на працы. Мы станавіліся на калені ўсёй сям’ёю і перад іконамі маліліся, што вельмі глыбока запала ў маю свядомасць і памяць. Маліліся па-расейску. Першыя малітвы я вывучыў па-польску і па-расейску. Але паколькі маліліся не на сваёй мове, для мяне гэта было адгаворваннем нейкіх вершыкаў, якія я не да канца разумеў.

– А калі пачалі маліцца па-беларуску?

– Ужо калі пайшоў у семінарыю, якая знаходзілася ў Польшчы, пачаў паглыбляць сэнс малітвы. Тады да мяне дайшло, да Каго я малюся, аб чым я малюся. І малюся на незразумелай для сябе мове. І сам стаў сябе перавучваць: вучыў некаторыя малітвы і разважаў іх па-беларуску, нягледзячы на тое, што быў у Польшчы. Таксама калі маліўся не ў семінарыйнай супольнасці, то заўсёды маліўся па-беларуску, менавіта на той мове, якую я атрымаў ад сваіх бацькоў, якія больш ці менш карысталіся гэтай мовай дома.

– Якое значэнне мае выданне Новага Запавету на беларускай мове?

– Выйшла першае выданне Новага Запавету на беларускай мове, якое яшчэ больш адкрывае межы Евангелля для мяне і для ўсіх беларусаў. Межы нашай хрысціянскай і каталіцкай сутнасці. Бо можна чытаць Евангелле на розных мовах і ў розных перакладах, і гэта будзе нешта значыць для нас. Але гэта не тое самае, што чытаць яго на сваёй роднай мове і ў межах сваёй Бацькаўшчыны.

Якімі перыядамі або падзеямі з нашай гісторыі Вы ганарыцеся?

– Я вельмі цікаўлюся гісторыяй Беларусі. Яна дапамагае мне адкрываць праўдзівую рэчаіснасць нашага беларускага народа, нашай спадчыны, культуры. Адразу ўспамінаецца бітва пад Грунвальдам 1410 года, бітва пад Воршай 1514, Слуцкі збройны чын . Гэта такія ганаровыя для нас, беларусаў, падзеі, якія варта ведаць, ганарыцца імі. Яны баранілі нашу незалежнасць, наша багацце як беларусаў, спадчыну. Таксама трэба ганарыцца нашай мовай, культурай.

А каго б Вы назвалі героямі Беларусі?

– Князя Гедыміна. Я маю сваю асаблівую сімпатыю да яго, ён вельмі наш чалавек, стараўся збіраць беларускі этнас. Кажучы словамі з Бібліі, той, хто збірае, не рассейвае. Езус у Евангеллі кажа: “Той, хто збірае, а не рассейвае, той Мой”. Мужнасць і адважнасць Гедыміна, Вітаўта… А з літаратараў – перш за ўсё Уладзімір Караткевіч і Васіль Быкаў, людзі, пісьменнікі, якія паказвалі праз сваё пісьменства адданасць сваёй Бацькаўшчыне і сваёй роднай мове. Любілі насамрэч тое, што наша, беларускае.

Ваша служэнне Богу і людзям будзе ў Беларусі?

– Спадзяюся, што так, хоць наш Ордэн місіянерскі і сэрцане працуюць шмат у якіх краінах. Маё святарскае пасвячэнне адбудзецца ў маі, і я буду служыць, напэўна, у Беларусі, яшчэ невядома дзе. Але хочацца аддаваць тое, што належыць Богу, і людзей кіраваць да Бога, трымаючы ў руках нашу беларускую тоеснасць, нашу Біблію і разважанні Евангелля.

Гутарыла Аліна Латыш

для друку для друку