Дзяржсакратар пра візіт Папы ў Балгарыю і Паўночную Македонію

Папа Францішак прыбудзе ў Балгарыю і Паўночную Македонію як носьбіт міру, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у інтэрв’ю для Vatican News, якое даў напярэдадні папскай пілігрымкі.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца заўважыў, што галоўнай тэмай папскага візіту ў Балгарыю будзе мір. Пра гэта нагадвае і дэвіз падарожжа: “Pacem in terris” – “Мір на зямлі”.

Папа Францішак будзе заклікаць да міру праз умацаванне яго фундаментаў, якімі з’яўляюцца праўда, справядлівасць, свабода і любоў, а таксама да яго будавання, праз сяброўства, лагоднасць, прыязнасць, сустрэчу з іншымі людзьмі, падкрэсліванне таго, што яднае, а не раздзяляе. Гэта адпавядае вучэнню і дзейнасці св. Яна ХХІІІ, у памяць аб якім адбудзецца падарожжа.

Інтэрв’ю з кардыналам Пьетра Паралінам

Важнае значэнне будзе мець таксама экуменічны аспект, паколькі Балгарыя – гэта месца евангелізацыйнай дзейнасці святых Кірыла і Мятода. Фундаментальным заданнем хрысціян з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля, але варта памятаць, што плённасць евангелізацыі залежыць ад таго, наколькі хрысціяне здолеюць быць адзінымі і разам прапаведваць Слова збаўлення, даручанае ім Панам, сказаў кардынал Паралін.

Візіт у Паўночную Македонію пройдзе пад знакам харызмату ўраджэнкі гэтай зямлі – св. Маці Тэрэзы. У сувязі з гэтым Папа безумоўна будзе заклікаць да канкрэтнай міласэрнай любові, увагі да бедных і дапамогі ім, каб маглі выбрацца са свайго гаротнага стану, перакананы ватыканскі іерарх.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку