Дзяржсакратар пра “пазітыўны нейтралітэт” Святога Пасаду

Кардынал Пьетра Паралін прыняў удзел у канферэнцыі на тэму “Святы Пасад і Дзяржава Ватыкан у новым міжнародным кантэксце”, якая прайшла з нагоды 90-годдзя Латэранскіх пагадненняў.

На думку Дзяржсакратара, галоўным сучасным выклікам з’яўляецца мір. “У моцна фрагментаваным і канфліктным свеце, дзе здаецца знікае прынцып мультыралізма, Святы Пасад павінен працягваць рабіць унёсак на карысць абароны годнасці чалавека і будавання мірных грамадстваў і краін”, — сказаў ён.

Па словах кардынала, у сістэме міжнародных адносін Апостальская Сталіца выконвае “ролю пасланніка”, што нясе Добрую вестку і клапоціцца пра абарону правоў чалавека, а каб “забяспечыць чалавецтву годную будучыню”, ён знаходзіцца ў “няспынным дыялогу” з дзяржавамі.

Праз свой “пазітыўны нейтралітэт” Апостальская Сталіца не абмяжоўваецца стаяннем ля вакна, але садзейнічае будаванню дыялога паміж бакамі, дадаў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Канферэнцыя на тэму “Святы Пасад і Дзяржава Ватыкан у новым міжнародным кантэксце” была арганізавана Інстытутам павышэння кваліфікацыі ў галіне кананічнага, касцёльнага і ватыканскага права пры рымскім універсітэце “LUMSA”.

Латэранскія пагадненні былі заключаны паміж Апостальскай Сталіцай і Італіяй 11 лютага 1929 года. Гэта сістэма дамоваў прывяла да ўзнікнення Дзяржавы Ватыкан, урэгулявання спрэчных пытанняў паміж бакамі, вызначэння міжнароднага статуса Святога Пасаду.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку