Дзяліцца скарбам хрысціянскага Усходу. XXI Сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы праходзіць у Італіі

У чацвер, 14 чэрвеня 2018 г., у рамках урачыстай Вячэрні ў кафедральным саборы св. Мікалая з Мір у г. Лунгра (Калабрыя, Італія), пачалася ХХІ штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы (Conventus Hierarchorum Catholicorum Europae). Разам з мясцоваю супольнасцю ў інаўгурацыйнай сесіі прынялі ўдзел больш за пяцьдзесят усходніх каталіцкіх біскупаў.

У Сустрэчы прымаюць удзел біскупы і духавенства — прадстаўнікі 12-ці Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляе Апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей Гаек.

Сёлетняя сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы праходзіць па запрашэнні Даната Олівэр’ё, біскупа епархіі Лунгра для італа-албанцаў кантынентальнай Італіі. У гэтай сустрэчы прымаюць удзел прадстаўнікі Італа-Албанскай Царквы (епархія Лунгра і епархія П’яна дэлі Албанезі ў Італіі), Царквы візантыйска-славянскага абраду ў Балгарыі, Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, Грэка-Каталіцкай Царквы ў Чэхіі, Апостальскага Экзархату для католікаў візантыйскага абраду ў Грэцыі, Грэка-каталіцкай Царквы ў Казахстане, Мукачаўскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Грэка-Каталіцкай Царква ў Румыніі, Грэка-каталіцкай Царквы ў Сербіі і Чарнагорыі, Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы, Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы (Украіна, Вялікабрытанія і Ірландыя, Германія, Італія, украінскія супольнасці ў свеце), Грэка-Каталіцкай Царквы ў Венгрыі, Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы, Армянскай Каталіцкай Царквы (Еўропа), Сіра-Малабарскай Царквы ў Вялікабрытаніі і Сіра-Каталіцкай Царквы ў Еўропе.

У праграме Сесіі мелі месца выступленні кардынала Леанарда Сандры, прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, кардынала Анджэла Баняска, Старшыні Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (ССЕЕ) і Архібіскупа Эміля Паўла Чэрыга, Апостальскага Нунцыя ў Італіі.

«Чым больш нашыя Усходнія Каталіцкія Цэрквы будуць самімі сабой, тым больш пераканаўчым будзе наша сведчанне. Чым больш яснай будзе наша прыналежнасць да хрысьціянскага Усходу, тым больш плённай і каштоўнай будзе наша камплементарнасць адносна заходняй традыцыі і тым больш прысутным будзе скарб хрысціянскага Усходу ў сэрцы Царквы». Менавіта такія выклікі «ў духу Другога Ватыканскага Сабору і ў згодзе з Кодэксам канонаў Усходніх Цэркваў», сфармуляваў Даната Олівэр’я, тлумачачы мэту Сустрэчы.

«Гэтая сустрэча, падчас падрыхтоўкі да першага Стагоддзя Епархіі Лунгра (13 лютага 2019), з’яўляецца падзеяй несумненнай вагі, таму што тут збіраюцца разам усе кіраўнікі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, прысутных у Еўропе, каб што раз лепш разумець тое, што ўся Царква чакае ад усходніх хрысціянаў у поўнай еднасці з Апостальскім Пасадам. Гэтыя сустрэчы ўзбагачаюць усіх нас і ўмацоўваюць нас як Усходнія Каталіцкія Цэрквы, а менавіта — у тым, каб вызначыць што раз лепш наш спецыфічны ўклад, нашу тоеснасць у экуменічным кантэксце, у надзеі, што гэта прывядзе да пераадолення непаразуменняў і напружанняў». Па словах біскупа Епархіі Лунгра для італа-албанцаў кантынентальнай Італіі «ясная свядомасць і выразная камплементарнасць нашай царкоўнай тоеснасці могуць запэўніць лепшае разуменне каштоўнага «месца» усходніх католікаў у экуменічным кантэксце».

Рабочыя пасяджэнні ўдзельнікаў Сустрэчы працягваюцца 15-16 чэрвеня 2018 дакладамі ды дыскусіяй пра постаць біскупа, у прыватнасці ў кантэксце некаторых аспектаў новага шлюбнага працэсу, а таксама абмеркаваннем Літургіі — яе абнаўленні ў вернасці ўласнай тоеснасці Усходніх Каталіцкіх Цэркваў і ў здольнасці аднаўляць жыццё чалавека.

Сустрэча завершыцца ў нядзелю 17 чэрвеня 2018 Боскай Літургіяй у кафедральным саборы св. Мікалая з Мір у Лунгра.

Ва ўлонні Каталіцкай Царквы існуюць Памесныя Цэрквы, якія называюць таксама Цэрквамі свайго права, або абраду, якія знаходзяцца ў поўнай еднасці (сулучнасці) з Рымскай Царквой, але якія адрозніваюцца ад лацінскай Каталіцкай Царквы рознымі формамі літургічнага культу і народнай пабожнасці, сакраментальнай дысцыплінай (удзяленнем Святых Тайнаў) і кананічнай дысцыплінай (юрыдычнымі прадпісаннямі), тэрміналогіяй і багаслоўскімі традыцыямі.

Першая Сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы адбылася ў 1997 годзе ў епархіі Гайдударог (у г. Ньірэдзьгаза — Венгрыя) пры падтрымцы і садзейнічанні кардынала Акіле Сільвестрыні, тагачаснага прэфекта Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў, які хацеў стварыць прастору, у якім біскупы гэтых Цэркваў, якія былі асабліва зраненыя атэістычным рэжымам, «знаходзілі са што раз большай яснасцю сваю ролю ў сённяшняй Еўропе і атрымлівалі асалоду ад любові і павагі за іх гісторыю вернасці Царкве і Папе, якую яны аплацілі высокай цаной» (з уступнага Слова кардынала Акіле Сільвестрыні для публікацыі Актаў першай сустрэчы).

Пачынаючы з 2009 года гэтыя Сустрэчы (CHOCE) праходзяць пад патранатам ССЕЕ.

svjazep.org

для друку для друку