За што дзеці любяць бабуль і дзядуль: у Мінску зладзілі цыркавое прадстаўленне

DSCF4137Дзеці з “Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна” ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску 30 студзеня паказалі цыркавое прадстаўленне з нагоды Свята Бабуль і Дзядуль.

Бабулі і дзядулі,  прыехалі з розных куткоў краіны, загадзя атрымаўшы запрашэнні на  свята. На пачатку іх шчыра прывітала сястра Часлава Навіцкая USJK, якая апякуецца “Місіяй”.

Затым канферэнцыю прамовіў а. Аляксандр Шамрыцкі MIC.  Святар, гаворачы пра Год Міласэрнаці, адзначыў, што праз Брамы Міласэрнасці варта праходзіць не толькі фізічна, але  перш за ўсё духоўна, трэба праверыць сваё сэрца, наколькі яно міласэрнае. Святар звярнуў увагу на тое, што справы міласэрнасці датычаць усіх, незалежна ад веравызнання , а таксама расказаў аб тым, што значыць быць міласэрным у выхаванні.

Нядаўна Папа Францішак звярнуўся да артыстаў цырка на плошчы святога Пятра “Вы — прыхільнікі прыгажосці. Вы яе ствараеце, а прыгажосць карысная для душы: яна набліжае нас да Бога. А колькі ж гадзін трэніровак за кулісамі дзеля гэтага пышнага спектакля”!

Дзеці з “Місіі” таксама шмат трэніраваліся, рэпеціравалі, каб паказаць сапраўднае цыркавое прадстаўленне і стварыць такую прыгажосць, якая б наблізіла прысутных да Бога. Вясёлыя клоўнскія жарты, фокусы, нумары моцных сілачоў, унікальныя здольнасці жывёл, танцы і спевы – усё гэта не пакінула раўнадушнымі прысутных у зале гасцей.

На прадстаўленні для сваіх бабуль і дзядуль дзеці вельмі стараліся таму, што моцна іх любяць. Іван Анішчук, маленькі дрэсіроўшчык, прызнаецца: “Я люблю сваю бабулю Наталлю, бо яна дапамагае мне прыбіраць цацкі. Яна смачна гатуе тэфтэлі з кетчупам і макаронамі. І бабуля Валя можа прыгатаваць мне ўсё, што я люблю. А таксама яна сказала, што мы купім мне Лего Сіці. Дзядуля Слава вельмі любімы сябра. Я з ім гуляю, а ён са мной.  Мой дзядуля Вася гатуе вельмі смачныя пяльмені.”

Ева Жаркова, якая ў прадстаўленні была гімнасткай гаворыць: “Мая бабуля Ліля вельмі добрая і ў яе валасы такія, як у мяне. Мы з ёй як блізняткі. А ў майго дзядулі Юры ёсць такая барада… Ён вельмі часта возіць мяне з сабою на працу і там мне раздаюць усялякія цукеркі”!

Гімнастка Ульяна Руд распавядае: “Я моцна люблю дзядулю Валодзю, бо ён заўсёды смачна гатуе макароны, ён добры. Ён засынае са мною. А бабуля Люся мяне любіць, моцна шкадуе і абдымае. ”

Пасля выступлення маленькія артысты падаравалі бабулям і дзядулям паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі. Затым адбыўся святочны пачастунак, які прыгатавалі руплівыя бацькі.

Ірына Грэйць

для друку для друку