Дзеці з “Місіі добрага самараніна” у Мінску паказалі святочнае прадстаўленне

DSC_022320 снежня дзеці з “Місіі добрага самараніна” і іх бацькі сустрэліся ў Чырвоным касцёле на Святой Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Ужо добрай традыцыяй перад Божым Нараджэннем сталі такія спатканні іерарха з дзецьмі.

Святочнае спатканне распачалося ўрачыстым унясеннем Бэтлеемскага агню ў святыню. Арцыбіскуп адзначыў, што агонь з’яўляецца сімвалам узыйшоўшага XX стагоддзяў таму і ніколі не заходзячага сонца – Езуса Хрыста. Іерарх гаварыў аб тым, што агонь, які вернікі возьмуць дамоў, будзе нагадваць аб вялікай гістарычнай падзеі, якая змяніла гісторыю свету, — Нараджэнні Хрыста ў Бэтлееме.

Гэтай жа падзеі было прысвечана святочнае прадстаўленне “Маленькі прынц”, якое сумеснымі сіламі выхавацелей і бацькоў падрыхтавалі дзеці.

У выступленні маленькі прынц, вандруючы па планетах, наведаў Зямлю перад святамі Божага Нараджэння. Ён хацеў знайці стаенку ў Бэтлееме, знайсці Езуса, які любіць усіх людзей. Ва ўрыўках сцэнкі маленькія акцёры паказвалі людзей, якія ўвесь час некуды спяшаюцца, імкнуцца мець шмат грошай, багацця, аднак не адчуваюць сапраўнай любові.  Маленькі прынц пабачыўшы ўсё тое, што адбываецца на зямлі, прасіў Госпада: “Напоўні мяне, Божа, любоўю, каб я занёс яе людзям туды, дзе яе не хапае”.

Пры “Місіі добрага самараніна” дзеці вывучаюць англійскую і польскую муву. Таму на выступленні гучала не толькі родная беларуская мова, але і замежная.

Пасля выступлення адбылося дзяленне аплаткам. Бацькі разам са сваімі дзецьмі выказвалі арцыбіскупу і адзін аднаму свае святочныя пажаданні. Цёплыя размовы прысутных працягнуліся за святочным пачастункам.

Сама “Місія Добрага Самараніна” – добрая справа. Яна зарэгістраваная і дзейнічае пры Мінскай катэдры і Чырвоным касцёле. Але для таго, каб працягваць працу ў больш шырокіх маштабах, патрэбны будынак. У 2011 годзе ў Мінску па вуліцы Серафімовіча ўладамі на баланс Мінска- Магілёўскай архідыяцэзіі быў перададзены будынак былой школы, які знаходзіўся ў аварыйным стане. Цяпер там актыўна вядуцца рэканструкцыйныя работы.

Пасля рэканструкцыі школа па вуліцы Серафімовіча ў Мінску будзе аддадзена ў карыстанне “Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна” пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай. “Місія” займаецца выхаваннем дзяцей, у тым ліку дзяцей-інвалідаў, пачынаючы ўжо ад трохгадовага ўзросту аж да дасягнення паўнагоддзя.

Ахвяраванні на рамонт школы можна скласці на рахунак: РА “Дабрачынная Місія Добрага Самараніна пад апекай Святой Уршулі Ледухоўскай”, вул. Рэвалюцыйная, 1а, п. 7, 220030 Мінск, Рэспубліка Беларусь. Тэл.: (+37517) 2036844, факс: (+37517) 2269092, 2890659. Р/р 3015006161009 ААТ “Белзнешэканомбанк”, вул. Мяснікова, 32 УНП 102366022, код 226; АКПА 37527104; САВУ 18990

Ірына Грэйць, тэкст

Дырыюш Астасевіч, фота

для друку для друку