Дзеці з Мар’інай Горкі сустрэліся са св. Мікалаем

Вечарам 25 снежня касцёл Святога Антонія, што ў Мар’інай Горцы, быў напоўнены хваляваннем. І не толькі таму, што святкаваліся доўгачаканыя народзіны Таго, Хто ашчаслівіў і збавіў гэты свет. А яшчэ і таму, што традыцыйна гэтым снежаньскім вечарам уздельнікі парафіяльнага вакальна-харэаграфічнага гурта “Папараць-кветка” ўзносяць хвалу Богу сваімі талентамі, дзякуючы за ўсе атрыманыя ад Збаўцы дары.

Гэтым разам артысты прапанавалі гледачам інтэрпрэтацыю казкі “Беласнежка і сем гномаў”. Цудоўны і ўзнёслы спеў, чароўныя гукі скрыпкі, вясёлыя танцы і непасрэднасць выступаючых захапілі парафіянаў. Касцёл падхапіў калядку і спяваў разам з артыстамі! Малодшыя падскоквалі на месцы разам з героямі казкі, а старэйшыя – з задавальненнем пляскалі ў далоні і ўсміхаліся, замілаваныя гульнёй удзельнікаў гурта.

Напрыканцы паказу да дзяцей завітаў святы Мікалай. Безумоўна, усе дзеці даўно чакалі сустрэчы з ім і былі паслухмянымі сыночкамі і дачушкамі на працягу года. Акрамя гэтага, дзеці актыўна ўдзельнічалі ў Раратах, рыхтавалі свае сэрцы да свята Божага Нараджэння і выконвалі своеасаблівае заданне: кожны павінен быў прынесці на гэтую сустрэчу складзены макет касцёла. Святы Мікалай быў уражаны колькасцю, шчыльнасцю,  акуратнасцю і прыгажосцю выкананых работ. Парадавалі святога і правільныя адказы на пытанні. Дзіцячая радасць была бясконцай, калі яны атрымалі падарункі ад святога Мікалая!

І ў дзень Божага Нараджэння разам са Святой Сям’ёй дзеці жадалі ўсім парафіянам супакою, радасці, надзеі і любові. “Няхай ваша надзея будзе зелянейшай за святочную ялінку, а дабрыня аплатка напаўняе кожны ваш дзень і кожнае вашае слова,” – жадалі малыя ўсім сабраным.

Кс. Генрых Кучынскі

для друку для друку