Дзеці з Мар’інай Горкі падзяліліся любоўю сваіх сэрцаў з жыхарамі псіханеўралагічнага інтэрната

Больш за 2000 год таму ў далекім горадзе Бэтлееме ў халоднай пячоры нарадзілася Дзіцятка, якому далі імя Езус. Нарадзіўся Выратавальнік, Збаўца Свету, Цар Усіх Цароў.

Нарадзіўся не ў палацы, і не ў залатую калыску паклала яго Маці, а ў простыя яслі. Нарадзіўся, каб прыняць крыжовыя мукі і смерць дзеля збаўлення усяго чалавецтва. Нарадзіўся, каб стаць Шляхам для кожнага чалавека. Нарадзіўся Езус, каб выказаць непамерную любоў Бога да ўсіх людзей.

І кожны год, адзначаючы Свята Нараджэння Езуса Хрыста, мы самі павінны дзяліцца з акружаючымі нас людзьмі сваей пяшчотай, дабрынёй, верай, надзеяй і любоўю. Асабліва гэта трэба рабіць у дачыненні да людзей хворых і церпячых.

Так і зрабілі дзеткі з парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы. 14 студзеня 2018 года яны здзейснілі вандроўку з каляднай пастаноўкай “Беласнежка і сем гномаў” у дом-інтэрнат для людзей з псіханеўралагічнымі захворваннямі, што знаходзіцца ў весцы Новы Уборак.

Гэта стала ўжо добрай традыцыяй. Чацверты год запар парафіяльны дзіцячы гурток “Папараць-кветка” прыязджае сюды са сваімі каляднымі спектаклямі, дорачы гэтым людзям радасць, дабрыню і канешне, любоў. Гледачы ж заўсёды чакаюць малых артыстаў, а потым доўга пляскаюць ім у далоні.

Так адбылося і ў гэтым годзе. Казачная аповесць пра Беласнежку і гномаў, якія святкуюць Нараджэнне свайго лепшага Сябра – Езуса, прымаюць гасцей і калядоўшчыкаў, была поўная вершаў, спеваў і танцаў. Гледачы не толькі даведаліся пра гісторыю Нараджэння Пана, традыцыі, звязаныя з гэтым святам, але і паспявалі, патанчылі разам з малымі артыстамі. У зале панавала вельмі цёплая, радасная, лагодная атмасфера. Дзеці падзяліліся любоўю сваіх сэрцаў і яшчэ раз расказалі аб тым, што Бог – ёсць Любоў; што Бог любіць кожнага чалавека незалежна ад стану яго здароўя, знешняга выгляду, нацыянальнасці або мовы, на якой гаворыць гэты чалавек. Бог любіць бязмежна і ніколі не пакіне і не падмане.

Выступленне скончылася гучнымі апладысментамі і запрашэннем абавязкова зноў прыехаць у наступным годзе.

Ала Кучынская

для друку для друку