Дзень засяроджання прайшоў у семінарыі ў Гродне

10 кастрычніка ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі адбыўся дзень засяроджання. Распачаліся духоўныя практыкі вечарам 9 кастрычніка гімнам да Духа Святога і Камплетай.

Духоўным кіраўніком дня засяроджання стаў пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску кс. канонік Францішак Рудзь.

Ва ўводнай канферэнцыі святар акрэсліў першую тэму разважанняў – “Крыж як знак любові Бога да мяне”. Ён прапанаваў сабраным паразважаць над думкай: “Каго Бог любіць, таму пасылае крыж. Кожнаму свой. І варта браць свой крыж і не ўскладаць крыжа на плечы свайго брата”.

Новы дзень семінарысты распачалі Ютранню з ранішнім разважаннем; пазней адбылася малітва на працягу дня, пасля якой духоўнік звярнуўся да будучых святароў з канферэнцыяй, распавядаючы пра пакліканне па прыкладу супольнасці дваннаццаці апосталаў і Езуса, а таксама звярнуў увагу на значнасць малітвы як галоўнага сродку будавання добрых адносін з Богам.

Перад абедам семінарысты памаліліся ружанцам і пад кіраўніцтвам кс. Францішка разважалі над кожнай таямніцай зямнога жыцця Езуса.

У другой палове дня адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Падчас адарацыі семінарысты мелі магчымасць прыступіць да сакраманту паяднання.

Галоўным і апошнім пунктам дня засяроджання стала святая Імша, якую ўзначаліў кс. Францішак. У гаміліі ён растлумачыў сэнс чытання Евангелля на гэты дзень і заахвоціў да жыцця паводле Божага слова. Ён узгадаў свае семінарыйныя гады і падзяліўся вопытам святарскага жыцця.

Андрэй Юхнік, grodnensis.by
Павел Леановіч, фота

для друку для друку