Дзень засяроджання адбыўся ў гродзенскай семінарыі

25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне перажыла дзень засяроджання. Гэта магчымасць для кожнага семінарыста зрабіць для сябе “рахунак сумлення” адносна таго, як ён выкарыстаў дадзены Богам час на здабыванне ведаў і іншых духоўных каштоўнасцей.

Гэтыя духоўныя практыкаванні былі незвычайнымі. Ва ўрачыстасць Звеставання Пана адзначаецца Дзень святасці жыцця, калі Каталіцкі Касцёл асаблівым чынам акцэнтуе вялікую значнасць і святасць чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці ў кантэксце звеставання Панне Марыі арханёлам Габрыэлем у Назарэце.

Менавіта з гэтай нагоды будучым святарам спадарожнічаў у разважанні над тэмамі бацькоўства, мацярынства і цэлібату дырэктар дабрачыннага фонду абароны жыцця і сям’і “Адкрытыя сэрцы” Уладзіслаў Валаховіч.

На працягу дня семінарысты мелі магчымасць больш часу прысвяціць малітве і разважанню над Божым словам. У праграме дня былі дзве канферэнцыі, якія адбыліся ў форме інтэрактыву, падчас якіх навучэнцы семінарыі маглі абмеркаваць пытанні, звязанныя з тэмамі сустрэчы, і падзяліцца сваімі думкамі.

Галоўным пунктам была святая Імша апоўдні, якую цэлебраваў духоўны айцец семінарыі ў Гродне кс. Ян Сарэла і напрыканцы якой група семінарыстаў урачыста прынесла абяцанні духоўнага ўсынаўлення ненароджанага дзіцяці.

Яшчэ адной важнай падзеяй дня засяроджання стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой адбылося прысвячэнне нашай краіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі і а 12-й гадзіне па закліку Папы Францішка семінарыйная супольнасць далучылася да малітвы “Ойча наш” у інтэнцыі выбаўлення свету ад каранавірусу.

Aндрэй Юхнік, grodnensis.by
Павел Леановіч, фота

для друку для друку