Дзень Святога Пасаду прайшоў на “Expo 2015”

expo-2015Праблемы навакольнага асяроддзя – гэта вынік антрапалагічнага, культурнага, маральнага крызісу, а таксама крызісу здаровага сэнсу, які перажывае чалавецтва і на які неабходна адказаць з усёй сур’ёзнасцю, адзначалася падчас круглага стала, ініцыяванага Апостальскай Сталіцай у рамках Сусветнай выставы “Expo 2015”.

Дыскусія на тэму “Абліччы зямлі” прайшла 11 чэрвеня  ў кантэксце Дня Святога Пасаду на сусветным форуме.

З крытыкай у адрас актуальнай палітыкі, якая характарызуецца шматслоўем аб салідарнасці ў барацьбе з голадам, а на самой справе пакідае тысячы галодных людзей на смерць у Міжземным моры, выступіў былы кіраўнік італьянскага ўраду і цяперашні старшыня ватыканскага фонду “Падворак язычнікаў” Джуліана Амата.

У дыскусіі прыняў удзел таксама французскі журналіст і грамадскі дзеяч Нікаля Юло – Генеральны камісар Сусветнай канферэнцыі аб праблемах клімата, якая пройдзе напрыканцы 2015 года ў Парыжы. Ён падкрэсліў, што чалавек згубіў сваю сувязь з прыродай. Сёння, на яго думку, настаў момант, каб выслухаць яе.

Планета павінна стаць прасторай салідарнасці, бо чалавецтва мае адзін лёс, а новая эканамічная мадэль павінна грунтавацца на справядлівым размеркаванні рэсурсаў, перакананы французскі актывіст.

Пра біблійную запаведзь аб адказнасці за прыроду нагадаў удзельнікам дыскусіі кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры. Пурпурат заўважыў, што словы “напаўняйце зямлю і валодайце ёю” з кнігі Быцця, часта кепска інтэрпрытуюцца, а на самой справе кажуць пра пакліканне чалавека да клопату аб усім, што было створана.

Субстытут Апостальскай Сталіцы па агульных справах арцыбіскуп Анджэла Бэчу, у сваю чаргу, нагадаў, што даступнасць прадуктаў харчавання і харчовая бяспека з’яўляюцца пытаннямі, якія патрабуюць не тэхнічных, палітычных або эканамічных рашэнняў, але этычных прынцыпаў, на якіх павінны грунтавацца рашэнні. Ён падкрэсліў, што прычына голаду, заключаецца ў адсутнасці жадання дзяліцца.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі