Дзень святога Антонія: у касцёл з жывёламі

Тысячы хатніх жывёл і іх уладальнікаў прынялі ўдзел 17 студзеня ва ўрачыстасцях з нагоды дня памяці святога Антонія, які ў каталіцкіх краінах лічыцца заступнікам прыручаных чалавекам гадаванцаў. У гэты дзень у гарадах Іспаніі, Мексікі і іншых краін Лацінскай Амерыкі праходзяць цырымоніі дабраславення хатніх жывёл.

Католікі гэтых краін прыносяць або прыводзяць сваіх улюбёнцаў у касцёл, і святары апырскваюць святой вадой катоў і сабак, чарапах і канарак. Лічыцца, што гэта абароніць іх ад небяспекі.

— Выказваючы сваю любоў да жывёл, людзі прыносяць іх сюды. У нас тут шчанюкі, кацяняты, хатнія ўлюбёнцы. Мы павінны разумець, што да іх нельга ставіцца, як да людзей, але ў той жа час яны служаць чалавеку. Важна не толькі добра да іх ставіцца, але і стварыць ім належны асяродак, бо яны частка Божай волі, — гаворыць у інтэрв’ю тэлеканалу NTD мексіканскі святар Хесус Кантрэрас.

Святы Антоній — раннехрысціянскі падзвіжнік і пустэльнік, заснавальнік пустэльнага манаства, які жыў у III стагоддзі ў Егіпце. Ён раздаў бедным сваю маёмасць, атрыманую ад багатых бацькоў, і сышоў у пустыню, дзе вёў аскетычнае жыццё.

katolik-gomel.by

для друку для друку