- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Дзень духоўных сустрэч для духавенства і законных асоб з Віцебскай дыяцэзіі прайшоў у Браславе

[1]15 лістапада ў Санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе адбыўся чарговы дзень духоўных сустрэч для духавенства і законных асоб з Віцебскай дыяцэзіі.

Выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманта, супольная і асабістая малітва, час для споведзі – гэта гадзіна на сустрэчу з Богам на пачатку спаткання, каб суцішыцца і на нейкі час забыцца пра свае парафіяльныя справы і ўзгадаць сваё духоўнае жыццё.

На пачатку святой Імшы, якую ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч,  іерарх адзначыў, што ў лістападзе асаблівым чынам молімся за нашых памерлых родных і блізкіх і заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі спачылых святароў і манахінь з дыяцэзіі.

Казанне прамовіў дэкан з Глыбокага кс. Мікалай Ціхановіч. Святар узгадаў, што Папа Францішак падчас адной з аўдыенцый сваю катэхезу прысвяціў сакраманту святарства. Яно, “дазваляе выконваць служэнне, якое Пан Езус даверыў апосталам – пасвіць статак, у моцы Яго Духа і паводле Яго сэрца. Святар, біскуп, дыякан павінны пасвіць статак Пана з любоўю. Калі робяць інакш, гэта не патрэбна. У такім сэнсе слугі, якія выбіраюцца і прысвячаюцца гэтаму служэнню працягваюць у часе прысутнасць Езуса. Чыняць гэта моцай Святога Духа, у Божае імя і з любоўю”, — сказаў Папа. Францішак адзначыў, што тыя хто атрымаў сакрамант святарства ставяцца ў галаве супольнасці, што для Езуса азначала падпарадкаванне сваёй улады служэнню. Пан сведчыў аб гэтым сваім жыццём і вучыў сваіх вучняў.

[2]

Кс. Мікалай заклікаў прысутных святароў зрабіць пэўны аналіз свайго служэння на падмурку трох паставаў, якімі павінны адзначацца вучні Хрыста: пакоры ў Божай службе, удзячнасці і няспыннай памяці пра тое, што Валадарства Божае ўнутры нас.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Алег падзякаваў арганістцы Іне Сапун за музычнае суправаджэнне Імшы, і адзначыў для прысутных, што гэта гучаў новы арган, які нядаўна быў усталяваны і асвечаны ў браслаўскім касцёле.

Наступным пунктам праграмы стала канферэнцыя духоўнага айца дыяцэзіі а. Станіслава Памыкалы, які засяродзіў увагу на словы Езуса “Без Мяне нічога не можаце ўчыніць” (Ян 15, 5) . “Бог на небе, а мы на зямлі робім свае справы і як часта забываем, што без Яго нічога самі не можам зрабіць. Мы самі шукаем рознымі спосабамі “сваёй” Волі Божай.(…) Часам для нас з’яўляецца важнейшым як мы будзем выглядзець у вачах Маці-настаяцельніцы, біскупа, іншага святара, чым у вачах Езуса Уваскрослага” .  А Езус нам нагадвае: “Калі вы хочаце быць са Мной, то павінны адрачыся самога сябе”. Трэба проста перастаць “карміць” сваё сэрца грашыма і ўладай. І калі мы будзем адкрытымі на Яго, то Ён пачне дзейнічаць праз нас. І тады ў жыцці не будзе самотнасці.”

Пасля канферэнцыі адбыліся аб’явы. Канцлер дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч прадставіў чарговы бюлетэнь. Таксама для святароў і сясцёр быў час набыць духоўную літаратуру, календары і неабходныя матэрыялы для жыцця парафіі. Такую магчымасць прадаставілі рэдакцыі “Pro Christo”, “Каталіцкі Веснік”, “Дыялог” і Catholic.by.

Наступная сустрэча будзе каляднай і пройдзе 19 снежня ў Полацку.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота