Дзень нараджэння адзначыў найстарэйшы святар Беларусі

1 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч – найстарэйшы святар у Беларусі – адзначаў дзень нараджэння. Святар нарадзіўся на Віцебшчыне ў вёсцы Невярышкі ў 1926 г.

У дзень нараджэння ксяндза прэлата адбылася ўрачыстая святая Імша ў гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе ён служыць з 1999 года.

На літургіі сабралося духавенства і шматлікія вернікі, каб выказаць кс. Трубовічу самыя сардэчныя віншаванні і падзякаваць за ахвярнае служэнне і прыклад сапраўднага святара, цалкам адданага Богу і людзям.

“Богу няхай будзе падзяка за ўсё дабро, якое спазнаю на працягу ўсяго свайго жыцця”, – адзначыў кс. Трубовіч. Затым ён узгадаў усе тыя месцы, дзе на працягу 63 гадоў святарства служыў у Латвіі і Беларусі.

Святар дадаў, што ў сваім служэнні заўсёды кіраваўся дабром людзей, якім жадаў служыць з усяго сэрца. І, як падкрэсліў, заўсёды цешыўся, калі бачыў вернікаў, якія ўдзельнічаюць у жыцці сваёй парафіяльнай супольнасці.

Кс. Юзаф Трубовіч

Ксёндз Юзаф Трубовіч падзякаваў усім вернікам, якія сёння прымаюць актыўны ўдзел у жыцці сваіх парафій і такім чынам спрыяюць евангелізацыі іншых людзей і свету.

На заканчэнне Імшы, падчас якой маліліся за шаноўнага святара, самыя малодшыя парафіяне ад імені ўсіх выказалі кс. Трубовічу віншаванні.

Жадаем ксяндзу прэлату Божага благаслаўлення і патрэбных сіл на далейшыя доўгія гады служэння нашаму Касцёлу!

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by
Павел Зарэцкі, фота

для друку для друку