Дзень малітоўнага засяроджання для легіянераў віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага прайшоў у Лепелі

12 жніўня ў парафіі святога Казіміра ў Лепелі адбыўся дзень засяроджання для ўдзельнікаў апостальскага руху “Легіён Марыі” з віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага. Спатканне было прысвечана тэме: “Разважлівасць і пакора Марыі”.

Удзел у сустрэчы прынялі восем легіянераў разам з духоўным кіраўніком пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага – кс. канонікам Валерыем Орсікам.

Спатканне распачалося малітвай да св. Казіміра. Пасля адбылася святая Імша з канферэнцыяй, падчас якой, святар звярнуў увагу на важнасць штодзённай малітвы ў нашым жыцці да Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама звярнуў увагу на неабходнасць “духоўнага заплечча” для сябе і іншых.

Далей адбылася адарацыя, падчас якой асаблівым чынам праз малітву ўшаноўвалі Багародзіцу. Удзельнікі спаткання мелі магчымасць праслухаць канферэнцыі на тэмы: “Маці Божая, якая развязвае вузлы людскога жыцця праз давер Яе Сыну”, а таксама “Марыя ўзор нашага жыцця ў духу пакоры”. Цікава, што на працягу дня ўсе ўдзельнікі захоўвалі цішыню і ўвогуле паміж сабою не размаўлялі.

Падчас працы ў групах легіянеры разважалі на тэму “Апостальства служэння”, дзе дзяліліся сведчаннямі веры і вопытам сваёй працы, а таксама вырашалі далейшы накірунак свайго служэння.

Праграмай быў прадугледжаны супольны абед, падчас якога чыталіся ўрыўкі са Святога Пісання. Пасля абеду ўдзельнікі мелі час на прыватную малітву, каб больш дасканала паразважаць у цішыні над пачутымі словамі. Напрыкацы адарацыі была супольная малітва Вяночкам да Божай Міласэрнасці і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам. Удзельнікі падзякавалі Богу і духоўнаму кіраўніку за магчымасць духоўных практыкаванняў, а таксама за ўмацаванне ў пакліканні легіянера.

Важна адзначыць, што парафія Езуса Міласэрнага ў Віцебску мае дзевяць актыўных удзельнікаў “Легіёну Марыі”, а таксама мае яшчэ некалькі дапаможных удзельнікаў, якія не ўдзельнічаюць у апостальскай працы, а толькі моляцца. Легіянеры Віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага наведваюць хворых ў абласным шпіталі і анкалагічным дыспансэры, наведваюць састарэлых, дзяцей у дзіцячых дамах і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дапамагаюць ў прыбіранні касцёла, а таксама дзеляцца верай з тымі, хто яшчэ не ведае Пана Бога. Кожны тыдзень удзельнікі Легіёну збіраюцца са сваім духоўным кіраўніком для сумеснай малітвы.

Дк. Алег Зямчонак

для друку для друку