Дзень бацькі адзначылі ў Барунах

Tрадыцыйна ў першую нядзелю чэрвеня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дзень бацькі. Ва ўсіх святынях дыяцэзіі вернікі моляцца за ўсіх бацькаў, а для памерлых бацькаў просяць вечнага шчасця ў небе.

Галоўныя святкаванні сёлета адбыліся ў санктуарыі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат). На ўрачыстасці прыбыла пешая пілігрымка бацькаў з Ашмян, у якой прынялі ўдзел больш за 100 чалавек. Адметнасць гэтай пілігрымкі ў тым, што ў ёй удзельнічаюць толькі мужчыны. Яны пілігрымавалі ў інтэнцыі бацькаў сем’яў дыяцэзіі, молячыся, каб кожны з іх быў добрым прыкладам для сваёй сям’і.

У санктуарыі адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх падзякаваў бацькам за іх сведчанне веры, якое яны выразілі праз сваё пілігрымаванне да Панны Марыі. Ён адзначыў, што сям’я з’яўляецца заўсёды першай школай жыцця, бо менавіта там здзяйсняецца выхаванне новых пакаленняў, якія будуць здольныя змяніць аблічча зямлі і ўсяго грамадства.

Kс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку