Дзеці з гудагайскай парафіі выступілі са спектаклем на тэму святасці

На заканчэнне актавы ўрачыстасці Усіх Святых дзеці з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) выступілі са спектаклем на тэму святасці.

Маленькія вернікі парафіі, якія прадстаўлялі асобных святых – Яна Паўла ІІ, Агату, Вераніку, Марту і іншых – і былі апрануты ў адпаведныя касцюмы, паказалі іх шлях жыцця і тое, што святасць сёння магчымая.

Дзеці паказалі таксама, што святыя – гэта людзі, адкрытыя на Божую ласку і на Яго міласэрнасць.

Яны заахвоцілі ўсіх прысутных у гістарычнай святыні адкрыць свае сэрцы на Бога, якога трэба выбіраць заўсёды зноў і зноў. Маленькія артысты падкрэслілі, што ніколі не трэба адчайвацца, бо кожны чалавек мае моц Духа Святога для таго, каб святасць была магчымай.

Папа Францішак у апостальскай адгартацыі аб пакліканні да святасці ў сучасным свеце «Gaudete et exsultate» пісаў: “Не бойся імкнуцца вышэй, даць Богу любіць цябе і вызваліць. Не бойся дазволіць Духу Святому весці цябе. Святасць не робіць цябе менш чалавечым, бо з’яўляецца сустрэчай тваёй слабасці з сілай ласкі”.

Няхай гэтае цудоўнае прадстаўленне дзяцей стане для кожнага сапраўдным заахвочваннем дазволіць весці сябе Духу Святому, які кожнага чалавека асвячае, прасвятляе, умацоўвае і суцяшае.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку