«Дзеці не вінаватыя!»: інтэрв’ю з доктарам маральнай тэалогіі кс. Мікалаем Ціхановічам

Дзіця не нейкая цацка, якую можна “набыць за грошы” ці “нарадзіць для сябе”. Гэта маленькі чалавек, які прыходзіць у свет для любові: спярша, каб напоўніцца ёю, а пасля, каб дзяліцца. Але як можна дзяліцца тым, што было не да канца зведана?

Сёння разбіраем складаныя выпадкі ў сем’ях. З неадназначнымі сітуацыямі дапамагае разабрацца доктар маральнай тэалогіі кс. Мікалай Ціхановіч.

– Біч сучаснасці – няпоўныя сем’і. Іх шмат. Кс. Мікалай, як Касцёл рэкамендуе выхоўваць дзяцей, якія растуць з адчуваннем абдзеленасці? На што трэба звяртаць увагу бацькам, каб выгадаваць нармальную паўнавартасную асобу?

– У Божым плане сям’я – гэта маці, бацька і дзеці. І якія б іншыя тэорыі і канцэпцыі людзі не стваралі ў адносінах да сям’і, усё гэта толькі ілюзія.

Праблема няпоўных сем’яў стаіць у нашым грамадстве вельмі востра. Найлепш, канешне, не дапускаць разводу, змагацца за адзінства сям’і. Для гэтага мужчына і жанчына ўжо на самым пачатку павінны нястомна інвеставаць у сваё сужэнства, рабіць усё магчымае, каб быць разам. Неабходна думаць пра дзяцей, якім патрэбны родныя маці і бацька, а не мачыха ці айчым. У сям’і варта клапаціцца аб атмасферы сапраўднай любові і гармоніі, бо толькі ў такім асяроддзі дзіця можа быць выхавана належным чынам.

– У дзяцей, якіх гадуе адзін з бацькоў, часта складваецца няправільны вобраз традыцыйнай сям’і. Пазней па гэтай жа мадэлі яны могуць выбудаваць сваё сужэнства. Ці можа дарослы чалавек пастарацца не дапусціць падобнага лёсу для сына ці дачкі?

– Можа, але, на мой погляд, гэта вельмі складана. Першачаргова трэба ўсвядоміць асабістую праблему. Наступным крокам з’яўляецца духоўнае аздараўленне, якое перажываецца з Богам. Толькі прайшоўшы такі складаны працэс асабіста, дарослы чалавек можа дапамагчы свайму дзіцяці не паўтарыць яго памылак.

– Горш, калі ў свядомасці дзяцей закладваецца няправільны вобраз традыцыйнага сужэнства. Такое адбываецца ў аднаполых саюзах, якім законам дазволена ўсынаўленне (на сёння больш чым у 20-ці краінах свету). Якім чынам Касцёл пакліканы дапамагчы дзецям са зламанай псіхікай?

– Напэўна, існуюць рознага тыпу рэабілітацыйныя цэнтры, у якіх Касцёл актыўна задзейнічаны. Унутры Касцёла працуюць групы валанцёраў-спецыялістаў, якія могуць шмат зрабіць для такіх дзяцей. Аднак асабіста я лічу, што гэта справа не толькі Касцёла, голас якога ў секулярызаваным свеце не мае ўжо такого ўплыву, як раней. На жаль. Вельмі важнай з’яўляецца праца з сем’ямі. Яна павінна праводзіцца як на прафілактычным узроўні ў даным аспекце, так і на выхаваўчым. Касцёл не можа цалкам замяніць сям’ю, можа ёй толькі дапамагчы. Трэба, каб бацькі гэта разумелі і самі шукалі дапамогі.

Двое са ста беларускіх дзяцей па розных прычынах пазбаўлены бацькоўскай апекі.

– Некаторыя дзеці былі зачатыя ў выніку згвалтавання жанчыны. Як ёй, пакрыўджанай, прыняць думку аб тым, што Бог дараваў жыццё праз жорсткасць і бязлітаснасць? Як пазней дзіцяці зразумець, што яно прыйшло ў свет “не ў любові”?

– Жыццё кожнага чалавека – дар Творцы. З гэтым нельга не пагадзіцца нават у тым выпадку, калі цяжарнасць нежаданая. Вядома, што атмасфера зачацця ўплывае на будучае развіццё і выхаванне нованароджанага, аднак само жыццё чалавека падуладна Богу. Усемагутны мае на яго непасрэдны ўплыў.

Другі момант датычыць прыняцця гэтага дару з боку жанчыны. У хрысціянскай перспектыве ёй трэба даверыцца Божаму Провіду. Калі Творца дараваў жыццё ў яе ўлонні, значыць мае планы ў адносінах да чалавека, які павінен з’явіцца на свет. Такім чынам, дзіця, зачатае ў выніку згвалтавання жанчыны, мае аднолькавае з іншымі права на існаванне. І калі яно будзе любімае сваёй маці і бліжэйшым асяроддзем, мае ўсе шансы стаць шчаслівым.

– Некаторыя дзеці па волі лёсу былі ўсыноўлены. Не ўсе, але многія з часам даведваюцца, што некалі іх пакінулі сапраўдныя бацькі, якія іх нарадзілі. Як пагадзіцца з такой несправядлівасцю?

– Гэта, канешне, вялікі боль. Аднак хрысціяне, дзякуючы аб’яўленню Божай ласкі, павінны глядзець на сваё жыццё, дзе няспынна пераплятаюцца паміж сабой дабро і зло, з надзеяй на светлую будучыню. Дзеці, якія былі пакінуты біялагічнымі бацькамі, але атрымалі бацькоўскую любоў з іншых рук, могуць быць удзячны за гэта Богу і сваёй новай сям’і. Некаторым даводзіцца спазнаваць бацькоўскі клопат і пяшчоту з боку зусім чужых людзей… Касцёл заўсёды гатовы прытуліць дзяцей падчас катэхетычных заняткаў, працы ў святліцах. Вельмі важна, каб малады чалавек узрастаў у арэоле пяшчоты, каб адчуваў сябе патрэбным і любімым.

А што датычыць бацькоў, якія аднойчы па невядомай прычыне адмовіліся ад нованароджанага… Іх не трэба вінаваціць і асуджаць. Пакінутым дзецям нават пагадзіцца з такой несправядлівасцю будзе замала. Трэба прайсці нялёгкі, але вельмі важны этап прабачэння і прымірэння з імі. Па-хрысціянску кажучы, трэба вымаліць для сябе ласку, каб прабачыць бацькам. Практыка духоўнага аздараўлення паказвае, што гэты працэс з’яўляецца адным з самых галоўных у фарміраванні душэўна здаровай асобы.

– Некаторыя бясплодныя бацькі адважваюцца на працэдуру ЭКА. Нараджаецца доўгачаканае немаўля. Як Касцёл ставіцца да такіх дзяцей? Ці дазваляе хрысціць іх, нягледзячы на тое, што прыйшлі ў свет “не зусім па Божай волі”?

– Па-першае, Касцёл асуджае такую працэдуру, лічачы яе немаральнай і супярэчнай з Божым законам. Таму трэба адзначыць, што тыя бацькі, якія свядома згаджаюцца на штучнае апладненне, бяруць на сябе поўную адказнасць за ўсе немаральныя наступствы ЭКА.

Па-другое, Касцёл да кожнага чалавека ставіцца з любоўю і разуменнем, тым больш да дзяцей, якія не адказваюць за рашэнні сваіх бацькоў. Нягледзячы на тое, што людзі сёння на высокім узроўні валодаюць рэпрадуктыўнымі тэхналогіямі і нібы навучыліся маніпуліраваць працэсам зачацця, жыццё чалавека – гэта дар Стварыцеля. І кожнае зачатае жыццё Касцёл прымае з любоўю.

Што датычыць хросту дзяцей, якія нарадзіліся ў выніку ЭКА, то нароўні з усімі дзеткамі яны маюць поўнае права на атрыманне гэтай ласкі. Згодна з канонам 864 Кодэкса Кананічнага Права, прыняць хрост можа кожны чалавек. Адной з галоўных умоў у выпадку з малымі дзецьмі з’яўляецца згода бацькоў ці апекуноў на ўдзяленне сакраманту, а таксама існуючая надзея на тое, што ахрышчаны будзе выхаваны ў каталіцкай веры. У хросце можна адмовіць толькі тады, калі такой надзеі на выхаванне няма.

З пастырскага пункту гледжання, бацькам, якія адважыліся на працэдуру ЭКА, неабходна дапамагчы глыбока асэнсаваць і прыняць праўду аб іх немаральным – згодна з навучаннем Касцёла – рашэнні. Калі яны пакаюцца і будуць выхоўваць сваё патомства ў святле хрысціянскай веры, дзеці змогуць выправіць зло, учыненае бацькамі.

Амаль кожная 5-ая сям’я ў краіне няпоўная.

– Некалі сурагатная маці ахвяравала для пэўнай сям’і свой генетычны матэрыял – нарадзілася дзіця. Прайшло нямала часу, як у яе прачнуліся мацярынскія пачуцці. Ці мае жанчына якое-небудзь маральнае права на гэтае дзіця?

– Гэтае пытанне на практыцы вельмі складанае. Сурагатнае мацярынства рэгулявана рознымі прававымі нормамі, якія часам самі сабе супярэчаць. Напрыклад, Сямейны Кодэкс Расійскай Федэрацыі рэзервуе права сурагатнай маці пакінуць сабе дзіця, а новы закон пра Асновы абароны здароўя грамадзян той жа краіны такога права ўжо не ўпамінае. Такім чынам, прыняць нейкую адназначную пазіцыю скаладана. Аднак Касцёл ясна выказваецца супраць сурагатнага мацярынства, бо яно супярэчыць асноўным прынцыпам праў чалавека.

– Часам дзеці саромеюцца сваіх бацькоў (тыя п’юць, сядзяць за кратамі і інш.). Здараецца і так, што бацькі самі знаць не хочуць дзяцей. Як у падобных выпадках Касцёл раіць чалавеку змагацца з абурэннем у душы?

– Ёсць такое выказванне ў народзе: “бацькоў не выбіраюць”. Інакш кажучы, генеалогія і пашана да кроўных сувязей належыць да самой чалавечай прыроды. У выпадку паталагічных сітуацый (бо лічу, што толькі так гэта можна абазначыць) дапамога аднолькава патрэбна як бацькам, так і дзецям. Абодва бакі павінны нястомна прыкладваць намаганні, каб разбурыць муры варожасці і непаразумення і пабудаваць, калі гэта магчыма, масты прыязнасці.

Я перакананы, што тэма прымірэння з’яўляецца фундаментальнай ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, а тым больш у выпадку сямейных сувязей. Сэрца, напоўненае прабачэннем і любоўю, можа не толькі перамагчы ўсялякае абурэнне супраць несправядлівасці і гвалту, але пакласці пачатак цалкам новым і цёплым адносінам. Дапамагчы ў гэтым вернікам – прыярытэтнае заданне Касцёла.

Гутарыла Ангеліна Пакачайла для «Слова Жыцця»

для друку для друку