Дзеці і моладзь з Мар’інай Горкі здзейснілі пілігрымку ў Гродна

Гародня, Гродна… Назва гэтага цудоўнага горада над Нёманам вядома не толькі кожнаму жыхару Беларусі, а і далека за межамі нашай краіны. Вось сюды 16 жніўня і накіравалася аўтобусная пілігрымка з маладымі парафіянамі касцёла Св. Антонія Падуанскага. Шмат цікавага даведаліся мы падчас гэтага падарожжа. Мы спазналі Гродна з каталіцкага боку.

Па-першае, зразумела, мы наведалі велічны касцел Св. Францішка Касаверыя ці, па-іншаму, Фарны. Знаходзіцца ён у самым цэнтры Гродна і з’яўляецца сапраўднай пярлінай гэтага гораду. Пабудавалі Фарны касцёл езуіты на мяжы XVII – XVIII ст. Прыгажосць гэтага касцёла немагчыма перадаць ніякімі словамі. Калі тут знаходзішся, то сэрца замірае ад неверагодных пачуццяў.

У Фарным касцёле нас гасцінна сустрэў пробашч парафіі кс. Ян Кучынскі. Спачатку ён распавёў пра гісторыю святыні, пра жыццё айцоў-езуітаў у Гродне. Мне здаецца, што Фарны касцёл у Гродне – самы вялікі і прыгожы на тэррыторыі былой Рэчы Паспалітай. Ёсць там і старажытны арган, які езуіты прывезлі з Кёнісбергу і ўсталявалі на цяперашнім месцы аж у 1744 г. Як жа прыгожа гучыць гэты арган! Яго гучанне нават спецыялісты лічаць надзвычайна лірычным і цэнным.

Далей мы памаліліся каля цудатворнага абраза Маці Божай Студэнцкай, просячы ў Яе апекі падчас новага навучальнага года.

Мяне і маіх сяброў вельмі ўразіў сваёй велічнасцю галоўны алтар Фарнага касцёла. Кожная фігура на ім зроблена з незвычайнай дбайнасцю і любоўю. Здаецца, не адну гадзіну маглі б мы правесці за разгляданнем цудоўнага алтара! Але час клікаў нас далей…

Кс. Ян Кучынскі паспяшаўся адкрыць нам яшчэ адну таямніцу Фарнага касцёла і па вінтавой лесвіцы, схаванай у сцяне, завёў нас да старажытнага вежавага гадзінніка. Гэты гадзіннік мае тры цыферблаты, якія накіраваны на тры бакі свету. Такі ж старажытны гадзіннік захоўваецца ў Лондане, у музеі навукі, але ён не дзейнічае. А гадзіннік з Гродна па-ранейшаму ідзе! Згадзіцеся, ці гэта не сапраўдны цуд! З вежы, як на далоні, нам быў бачны увесь Стары горад.

Далей мы пакінулі Фарны касцёл, атрымаўшы ад яго пробашча ў падарунак каштоўную кнігу, але не развіталіся з гісторыяй айцоў-езуітаў у Гродне. Каля касцёла цудоўным чынам захаваўся будынак былой езуіцкай аптэкі. Зараз тут дзейнічае адзіная на Беларусі аптэка-музей, якую мы са задавальненнем наведалі. Тут мы не толькі пабачылі старыя аптэкарскія вагі і посуд, але і даведаліся аб лячэбнай дзейнасці айцоў-езуітаў, якія сваімі лекамі дапамаглі не адной тысячы чалавек і нават распрацавалі свае новыя лекі.

Пасля наведвання аптэкі-музея, мы пакінулі езуіцкі квартал, але знаёмства з каталіцкай гісторыяй Гродна на гэтым не скончылася. Мы вырушалі ў бок Гродзенскай вышэйшай  каталіцкай духоўнай семінарыі. Па дарозе мы наведалі Францішканскі касцёл, і там у двары касцёла, убачылі самы вялікі і магутны ў Гродне дуб-волат, ствол якога ледзь-ледзь мы маглі абхапіць усе разам. Пабачылі  і старажытны лямус, мост над Нёманам. Увогуле, нам здавалася, што кожны крок па вуліцах Гродна кліча нас у глыбіню стагоддзяў і дапамагае раскрыць нам чарговую старажытную таямніцу.

Увечары нас сустрэлі гасцінныя сцены Гродзенскай духоўнай семінарыі, дзе мы мелі пасілак і начлег. Кіраўніцтву семінарыі хочацца выказаць асобую падзяку за сардэчны прыем нашай дружнай групы.

Раніцай наша вандроўка працягнулася. Мы наведалі Стары замак, які пабудаваў кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый і ў якім пражываў Каралевіч Казімір, прылічаны зараз да ліку святых. Таксама мы наведалі Новы замак – месца адрачэння ад пасаду караля Польшчы Станіслава Панятоўскага.

Тут мы развіталіся з горадам Гродна, але памяць аб ім назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах. Спадзяёмся, што яшчэ неаднойчы мы наведаем гэты цудоўны горад на беразе Немана, спазнаем яго таямніцы, памолімся ў яго святых месцах.

Антаніна Кучынская, 12 год, удзельніца пілігрымкі

для друку для друку