«Дзе плавіцца золата?» Разважанне пра святых і святасць

Я даўно збіралася паразважаць пра святых і святасць. Гэты артыкул планавалася напісаць раней, але па розных прычынах праца над ім адкладалася. Спачатку я хацела паведаміць табе, чытач, як аднойчы перагортвала літаратурны агляд і сярод дзесяці найлепшых мастацкіх твораў усіх часоў і народаў знайшла “Исповедь” Аўрэлія Аўгусціна (калі цікава, агляд рабіў сучасны расейскі пісьменнік, публіцыст і тэлевядоўца Дзмітрый Быкаў, меркаванне якога наконт мастацкай каштоўнасці я вельмі паважаю). Пасля я магла б распавесці, як крыху спазніліся на маім шляху такія патрэбныя словы св. Яна Паўла II: “Патрабуйце ад сябе, нават калі ніхто не патрабуе ад вас”. І напрыканцы планавала расказаць, якое асаблівае і асобнае месца сярод усіх святых займае для мяне святы Францыск. Але пра ўсё гэта як-небудзь іншым разам. Зараз мы будзем плавіць і каваць, каваць і плавіць, прапальваць газетную старонку трапным словам і даставаць з сябе ўсё самае лепшае, схаванае глыбока ўнутры.

Адразу хачу папярэдзіць: не трэба шукаць прамой лагічнай сувязі паміж часткамі тэксту. Яе няма тут. Але сувязь пачуццёвая, асацыятыўная, зразумелая, хутчэй, сэрцам, чым розумам павінна быць. І мы з табой, чытач, паспрабуем яе адчуць.

«…Ты… больше, чем сокровище, ты дороже солнца – ты стоишь всей Крови Христовой! Как же мне не взять твою душу – чистое золото, – чтобы поместить её в горнило кузницы; обработать её огнём и молотом, сделать из этого первозданного золота великолепное ожерелье и предложить моему Богу, твоему Богу?»

Св. Хасэмарыя Эскрыва, з Прадмовы да кнігі «Кузница»

Мне часта сустракаюцца католікі, якія баяцца гаварыць пра святасць у адносінах да сябе (маю на ўвазе асабістую магчымую святасць кожнага з нас). Адзін з іх, які зараз піша гэтыя радкі, так шчыра моліцца да святога Антонія, калі нешта згубіць, мае хлеб святой Агаты ў кожнай сумачцы, носіць віно на святога Яна, свечку на святога Блажэя, захапляецца пакорай адных святых і мудрасцю іншых і так баіцца задаць сабе прамыя пытанні: “Калі, Аксана, аддасі свайму Пану ўсё, што маеш: сваю свабоду, памяць, розум і волю? Калі згадзішся, каб кіраваў табою паводле волі сваёй, а не тваёй?”

Не трэба мяне плавіць! Я падабаюся сабе кавалкам некранутага золата. Вялікі Майстар хай зоймецца іншай справай!

Зайшлі аднойчы з дзецьмі ў кавярню. Яны хутка выбралі сваю піцу і марозіва, я ж перагортваю меню і ніяк не магу вызначыцца. Калі з піцай яшчэ больш-менш зразумела, то соус не магу падабраць. Сальса, песта ці тар-тар? Сальса або песта? Афіцыянтка чакае. І тут мімаволі ўспомнілася мне, як у дзяцінстве мы з сястрой збіралі чырвоныя парэчкі ў бабуліным двары. Дарослыя займаліся сваімі справамі, а мы знаходзілі сабе занятак самі. Назбіраем парэчак, сястра сходзіць па цукар, паціскаем усё разам у сваіх місачках – і вось вам і соус, і варэнне, і дэсерт, нават не памятаю, як мы гэта называлі. І не мылі мы гэтыя парэчкі!

Я ўсміхнулася:
— Мне без соуса, девушка!

Не трэба рабіць з мяне штосьці надзвычайнае! У Вялікага Майстра хапае дыядэм, караляў і каштоўных бранзалетаў. Крыху паплаў і зляпі з мяне які-небудзь сярэдні пярсцёнак!

Мая двухгадовая дачка палюбіла казку пра Пеўніка і Коціка-браціка. Яна патрабуе, каб я расказвала гэту казку раз за разам. Нават калі мне нецікава. Калі хачу спаць, а яна не хоча. Яшчэ мая маленькая любіць, калі мы разыгрываем казку па ролях. Мне заўсёды дастаецца Коцік-брацік. І я 25 разоў адбіраю ў Лісічкі Пеўніка, 25 разоў прыводжу яго ў хатку і 25 разоў паўтараю яму: “Не выглядывай в окошко, там Лисичка тебя ждёт, заберёт тебя от меня, унесёт за тёмные леса, за синие горы…” Але мой непаслухмяны Пеўнік выглядвае і выглядвае ў сваё акенца, а я зноў і зноў выратоўваю яго.
— Мама, давай играть! Ты – Котик-братик!
Маленькая, давай хоць раз пабуду Пеўнікам! Пеўнік у мяне лепш атрымаецца…
— Ты Котик-братик, мама!

Мы так не дамаўляліся! Колькі можна?! Хутчэй адлівай у форму і атрымлівай свой шэдэўр!

Неяк выпадкова выдаўся вольны час, і я вырашыла прысвяціць яго патрэбным справам, якія даўно чакалі і ад гэтага зрабіліся тэрміновымі. Трэба было заехаць у два месцы і па дарозе назад забраць са школы дачку-першакласніцу.

Выйшла на прыпынак, стаю, чакаю аўтобус. І тут падбягае да мяне дзяўчынка гадоў пяці-шасці.
— Тётя, где моя мама?

— Где твоя мама? Не знаю, малышка. А где она должна быть?

Дзяўчынка хвалявалася. Я ўзяла яе за руку і пачала распытваць. Мама пайшла глядзець расклад (руху аўтобусаў) і не вярнулася. Можа, яна зайшла ў аўтобус, а дзяўчынка не паспела? Тады мама хутка вернецца, думаю я. Вакол нас сабраліся людзі. Жанчына ў чырвоным паліто прапаноўвае выклікаць міліцыю. Я ж бачу патрэбны мне аўтобус і разумею, што магу пакінуць чужую мне дзяўчынку з гэтай жанчынай і паспець па сваіх неадкладных справах. Але дзяўчынка сціскае маю руку, а не жанчыны ў чырвоным, таму працягваю размову:
— Из какого ты дома? У тебя есть папа, бабушка, братик? Могу отвести тебя домой.

Дзяўчынка паказала на суседні дом. Аднак існаванне таты, бабулі і браціка адмовіла. Ёсць толькі мама, якая пайшла глядзець расклад (на гэтым прыпынку, дарэчы) і не вяртаецца ўжо хвілін пятнаццаць. Ад слова “міліцыя” дзяўчынка пачынае плакаць.
— Не бойся, малыш! Мамы просто так не теряются. Она сейчас тебя тоже ищет. Давай стоять на одном месте, пока нас не найдут!

Мама сапраўды хутка знайшлася. Аказваецца, яна пакінула дзяўчынку глядзець мульцікі, а сама выйшла на пяць хвілін паглядзець расклад. Калі вярнулася, дачкі не было (тая спалохалася і выбегла ўслед). І пакуль мы чакалі маці на прыпынку, яна шукала малую па суседніх кватэрах.

У той дзень я не паспела па сваіх тэрміновых справах, што, зразумела, у гэтай гісторыі зусім не галоўнае.

Нарэшце! Усё сплаўлена, адліта і адшліфавана. Але чаму каструля?! Сучасная пасудзіна з высакаякаснай сталі. Добра, карыстайся, Вялікі Майстар! Не дыядэма, вядома, але рэч у гаспадарцы патрэбная.

Вось мы з табой, чытач, і прайшлі разам з нашым прыдуманым героем шлях ад поўнага нежадання падпарадкоўвацца волі Вялікага Майстра да поўнага яе прыняцця. І яна, гэта воля, аказалася нечаканай для нашага героя. Дарэчы, золата плавіцца хутчэй, чым сталь: пры 1064ºC яно ўжо “здаецца”, а сталь можа “трымацца” аж да 1535ºC!

І яшчэ. Не хвалюйся, чытач! Аўтар гэтага тэксту хоць часам чалавек нясмелы і нерашучы, аднак непапраўны аптыміст і даўно ўжо перастаў разлічваць толькі на сябе. Таму ўсе пытанні, якія павінен задаць сабе адказны, удумлівы католік, ён абавязкова задасць сабе, і ўсе словы, якія патрэбна сказаць Пану Богу, ён калі-небудзь скажа, і месца на газетнай паласе для гэтага не спатрэбіцца.

Аксана Нядвецкая

для друку для друку