Дзе мяжа паміж навязваннем веры і прапаведваннем Добрай Навіны?

malitwaЯ практыкуючая хрысціянка. Ужо больш за 20 год намагаюся прывіць веру мужу. Кожную нядзелю мы разам наведваем касцёл, але ён, як мне здаецца, да канца не ўсведамляе важнасць прысутнасці Бога ў жыцці. Дзе мяжа паміж навязваннем веры і прапаведваннем Добрай Навіны? Як я павінна весці сябе ў гэтай сітуацыі? Людміла, 48 гадоў

Адказвае а. Павел Федаровіч МІС

У Евангеллі паводле Марка Езус кажа сваім вучням, якія шукалі Яго: «Пойдзем куды-небудзь у блізкія паселішчы, каб Я і там прапаведаваў, бо дзеля гэтага Я прыйшоў”. Хрыстос у гэтых словах паказвае, наколькі важная для Яго місія абвяшчэння. Перад адыходам ў неба Ён так звярнуўся да сваіх вучняў: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам” (Мц 28,19-20). Справу прапаведвання і навучання Хрыстос пакідае вучням, каб яны неслі Добрую Навіну ўсім людзям.

Фундаментам абвяшчэння Божага Слова з’яўляецца так званая керыгма. Гэта шэсць асноўных праўд, на якіх вучань Езуса павінен будаваць сваё хрысціянскае жыццё.

Першая – Божая любоў. Бог любіць кожнага чалавека індывідуальна, непаўторна, бязмежна, верна, бескарысна. Бог хоча, каб чалавек сапраўды прыняў Ягоную любоў.

Другая – грэх. Чалавек можа пытацца: “Чаму Бог не цікавіцца мною? Ён абыякава ставіцца да мяне”. Перашкодай, якая аддзяляе асобу ад досведу любові Бога, а не ад самой любові, з’яўляецца грэх. Грэх грунтуецца на непаслухмянасці Богу і рашэнні, што чалавек ведае лепш за Пана, што з’яўляецца дабром ці злом.

Трэцяя – збаўленне ў Хрысце. Ён з’яўляецца Збаўцам ‒ тым, хто выратаваў і працягвае ратаваць ад уплываў граху і д’ябла. Менавіта праз смерць на крыжы Езус паяднаў і яднае чалавека з Богам (заўсёды наступствам граху з’яўляецца падзел – аддзяленне чалавека ад Бога і ад іншага чалавека).

Чацвёртая – вера і навяртанне. Каб прыняць збаўленне, неабходная вера. Дзякуючы веры хрысціянін можа даверыцца Богу і быць Яму паслухмяным, бо ведае, што варта ісці за Богам. Навяртанне вынікае з веры. Вера дазваляе ўвайсці ў асабістыя адносіны з Богам, а гэта, у сваю чаргу, вядзе да пэўных змен у чалавеку – ён адварочваецца ад зла і ідзе да Бога.

Пятая – Дух Святы. Каб атрымаць Духа Святога, перш за ўсё неабходна гэтага захацець. Прагнуць, каб абяцанне спаслання Духа Пана споўнілася ў маім жыцці. Наступны крок ‒ прасіць аб спаўненні гэтага абяцання і цярпліва чакаць. Неабходна памятаць, што Духу Пана патрэбна свабода дзеяння ў маім жыцці. Нельга навязваць Яму сваю волю, але трэба згадзіцца з тым, як і калі Ён вырашыць дзейнічаць у маім жыцці.

Шостая – супольнасць. Для нас, католікаў, важнай супольнасцю з’яўляецца Касцёл, да якога належаць каталікі ўсяго свету. Аднак каб не згубіцца ў такой вялікай масе, існуюць мясцовыя касцёлы, у нашым выпадку гэта Касцёл на Беларусі. Але і тут існуе падзел на дыяцэзіі, якія ў сваю чаргу дзеляцца на парафіі. Таму для хрысціяніна важны актыўны ўдзел у жыцці сваёй парафіі.

Калі чалавек сапраўды прыме гэтыя праўды ў сваё жыццё не толькі на ўзроўні розуму, але перш за ўсё сэрцам, то тады ў яго будзе закладзены падмурак хрысціянскага жыцця. Далей ідзе чарга катэхэзы ‒ бо на фундаменце ўзводзяцца сцены дома. Калі чалавек будзе мець асабісты досвед Бога як любячага Айца, то будзе маліцца і хадзіць у касцёл – будзе хацець сустракацца з Асобай, якая яго любіць, і на любоў Божую адказваць сваёю любоўю. Калі чалавек асабіста пераканаецца ў разбуральнай моцы граху, то будзе пільнавацца, каб пазбягаць граху. І так далей з іншымі праўдамі.

У прапаведванні Добрай Навіны вельмі важным з’яўляецца асабістае сведчанне. Хрысціянін прагне дзяліцца з іншымі тым, што Бог учыніў у яго жыцці. Таму варта задаць пытанне: які я сведка Хрыста? Ці сустрэў я жывога Бога ў маім жыцці? Ці жыву згодна з вызнаванай верай? Бо хрысціянін можа хадзіць у касцёл, а па-за яго сценамі перастае ім быць і становіцца “цяжкім” чалавекам для іншых. Тады ён дае “антысведчанне”. Хрысціянін павінен жыць Евангеллем 24 гадзіны ў суткі.

У абвяшчэнні Добрай Навіны кожная сітуацы індывідуальная, таму неабходна распазнаць дадзеную рэчаіснасць, сродкі і метады, якія можна прымяніць, запытацца у больш дасведчаных евангелізатараў, у якім напрамку ісці.

grodnensis.by

для друку для друку