Дырэктар Pro Christo Аліна Новікава: “Кніга, у якой гаворыцца пра святло Евангелля, заўсёды будзе актуальнай!”

З дырэктарам каталіцкага выдавецтва Pro Christo Алінай Новікавай мы пагутарылі ў Баранавічах падчас святкавання 25-цігадовага юбілею часопіса “Дыялог”.

– Скажыце, калі ласка, Вы пачыналі сваю працу ў “Дыялогу”?

– Не, у самім часопісе я не працавала. Але дапамагала рыхтаваць дакументы на рэгістрацыю “Дыялога”, а таксама знайшла для рэдакцыі друкарню ў Слоніме, з якой яны супрацоўнічаюць да сённяшняга дня.

– Падчас свайго выступу на канферэнцыі Вы сказалі, што першае каталіцкае выданне выйшла на Віцебшчыне, у Мёрах. Гэта сапраўды так?

– Так, гэта быў самы пачатак 90-х гадоў. Наша пісьменніца Ірына Жарнасек супрацоўнічала тады са святой памяці кс. Уладасам Пятрайцісам. Гэта ў іх узнікла такая ідэя – выдаваць парафіяльную газету, і яны хіба з дзесяць нумароў выдалі. Называлася яна “Голас душы”.

Выпуск газеты быў спынены, хутчэй за ўсё, праз фінансавыя праблемы, але потым гэта газета атрымала другое жыццё ўжо пры мінскай парафіі святых Сымона і Алены. Кс. Уладзіслаў Завальнюк яе выпускае як рэдактар. Таму “Голас душы” выходзіць зараз у Мінску. Але гэта адбылося ўжо значна пазней.

А першай медыйнай ластаўкай была менавіта гэта парафіяльнай газета на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзіі. Бо тады яшчэ самой дыяцэзіі не існавала, яна ўтварылася значна пазней, у 1999 годзе.

А пачатак дзевяностых – гэта якраз адраджэнне структур Касцёла ў Беларусі, гэта такая культурная і рэлігійная адліга, калі ўжо можна было нешта казаць праз рэлігійнае слова, і гэта газета была вельмі папулярная сярод парафіянаў.

– Вы зараз узначальваеце хрысціянскае выдавецтва. Як думаеце, у век Інтэрнэту не памрэ кніга?

– Я нядаўна мела дванаццацігадзінны пералёт на самалёце. І мяне здзівіла, што некаторыя пасажыры чыталі ў самалёце такія тоўстыя кнігі. Вядома, іх была не большасць, бо значная частка людзей сядзела ў смартфонах або чытала электронныя кнігі. Але мяне здзівіў той факт, што шмат людзей у самалёце чытала звычайныя папяровыя кнігі.

Канечне, мы павінны берагчы прыроду, ахоўваць лясы, бо папера робіцца з драўніны. З гэтага пункту гледжання мы павінны менш выпускаць папяровых версій. Але людзі ўсё ж прывыклі атрымліваць асалоду і ад дотыку да добрай кнігі, да сузірання ілюстрацый, таму папяровыя версіі таксама даволі папулярныя. Гэта я мяркую паводле попыту на часопісы і традыцыйныя кнігі, што выдаюцца ў нашай краіне, у тым ліку і выдавецтвам Pro Christo.

У нас ёсць электронныя версіі некаторых кніг і сайт часопіса Ave Maria, але, як мне здаецца, папяровыя версіі больш папулярныя сярод чытачоў.

Будзем шчырымі, яшчэ не ўсюды ў Беларусі Інтэрнэт працуе, і не кожны яшчэ ўмее ім карыстацца. Гэта датычыцца як людзей пенсійнага веку, так і шмат каго з сярэдняга ўзросту. Ды і ў моладзі друкаваныя кнігі вельмі папулярныя. Вось у нас ёсць “Духоўная кніга”, такая крама духоўных выданняў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дык там я часта бачу шмат моладзі. Кнігі набываюць як на падарункі, так і для ўласнага чытання. Гэта сведчыць пра тое, што кніга не памірае, як бы тэхнічны прагрэс ні ішоў наперад.

І ў наш час за мяжой адбываецца шмат кніжных выстаў. Як, напрыклад, сусветна вядомы Лейпцыгскі кніжны кірмаш. У той жа Германіі вельмі шмат кнігарняў, кніжных шапікаў… Бывае, па пяць-шэсць на вуліцы.

Таму абвінавачваць ва ўсім тэхнічны прагрэс не выпадае. Можа, у нас проста страчваецца культура чытання?..

– Зараз выдаецца шмат кніг на рускай мове, бо гэта больш рэнтабельна. Рускамоўны кніжны рынак нашмат большы за беларускамоўны. Як у такіх варунках захаваць беларускую кнігу?

– Калі браць канкрэтна наша выдавецтва, я б не сказала, што мы больш кніг выдаём на рускай мове, чым на беларускай. У нас прыярытэт за беларускай мовай. Але возьмем, напрыклад, такога аўтара, як шаноўны ксёндз-езуіт Юзаф Аўгустын. Ён сам вядзе рэкалекцыі, і вядзе іх у рускамоўных краінах, то, вядома, з практычнага пункту гледжання яму лепш замовіць кнігу на рускай мове, таму што больш людзей будзе мець магчымасць праводзіць гэтыя рэкалекцыі, карыстацца імі.

Мы гэтых рэкалекцый выпусцілі шэсць тамоў, шэсць кніг. Яны карыстаюцца не толькі павагай і попытам у тых, хто ўдзельнічае ў духоўных практыкаваннях, але і ў звычайнага чытача. Гэтыя кнігі дапамагаюць у штодзённым жыцці. Напрыклад, першы том прысвечаны таму, як пазбавіцца ад крыўдаў. Людзі гэтым цікавяцца, і наша выданне прыносіць ім карысць.

Але справа ў тым, што такія рэкалекцыйныя тамы заснаваныя на духоўных практыкаваннях святога Ігнацыя Лаёлы. А кніга “Духовные упражнения святого Игнация Лайолы” была выпушчана ў Маскве на рускай мове. І ў выданнях айца Юзафа цэлыя цытаты з гэтай кнігі ўстаўленыя. Таму пакуль не выйдзе беларускі пераклад “Духоўных практыкаванняў святога Ігнацыя Лаёлы”, датуль не будуць выдадзеныя гэтыя рэкалекцыі па-беларуску.

Але ўсё ж больш аўтараў, якія просяць нас пра пераклад іх кніг, хоча, каб яны былі на беларускай мове. І мы гэтаму вельмі рады.

Праўда, не кожны чытач яшчэ добра разумее рэлігійныя кнігі па-беларуску, асабліва калі гэта філасофскія выданні.

– Але яны ўсё ж выдаюцца?

– Вядома. Вось зараз рыхтуецца на беларускай мове “Дэкалог” паводле святога Тамаша Аквінскага па ініцыятыве айцоў-дамініканаў, якія праводзяць штогадовыя кангрэсы восенню ў Магілёве. Яна вельмі складаная на беларускай мове. Але мы радуемся з таго, што гэта таксама нейкі ўклад у скарбонку развіцця беларускай мовы. Бо там і новая тэрміналогія, і новыя аспекты, таму добра, што гэта выходзіць на беларускай мове. Гэта застанецца ў гісторыі. А вось тое, што зараз ёсць у Інтэрнэце, яшчэ невядома.

Некалі нам святой памяці кардынал Казімір Свёнтак казаў: “Ну што вашы камп’ютары? Вось знікне электрычнасць – і вы бездапаможныя. А ў мяне ёсць машынка, на якой я з часоў вайны працую”.

І гэта праўда. Бо кнігу можна чытаць заўсёды. Няма электрычнасці – можна запаліць свечку і чытаць пры ёй. А кніга, у якой гаворыцца пра святло Евангелля, гаворыцца пра ратаванне душы, заўсёды будзе актуальнай.

– Дзякуй за размову. Поспехаў у Вашай дзейнасці!

– І вам таксама поспехаў! Заахвочваю вас да чытання кніг, бо кніга – гэта заўсёды мудрасць, заўсёды – надзея, і без кнігі сумна жыць.

Размаўлялі Зміцер Лупач і Леанід Юрык

для друку для друку