Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання распачнецца ў сакавіку

Паважаныя святары, асобы кансэкраваныя, браты і сёстры ў Хрысце!
Дарагія дзеці!

Запрашаем Вас прыняць удзел у ІІ Дыяцэзіяльным конкурсе на веданне Святога Пісання!

У мінулым годзе такі Конкурс адбыўся першы раз, у ім прыняло ўдзел 220 самых смелых дзяцей з 26 парафій Віцебскай дыяцэзіі. Супольная падрыхтоўка да Конкурса аб’яднала 20 катэхетаў, у арганізацыю мясцовых этапаў актыўна ўключаліся святары і сёстры. Спадзяёмся, што сёлета Конкурс будзе яшчэ больш цікавым і карысным!

Фіналісты І Дыяцэзіяльнага конкурса на веданне Святога Пісання. Віцебск, 2019 год

У конкурсе могуць прымаць удзел дзеці з каталіцкіх парафій Віцебскай дыяцэзіі, у дзвюх узроставых катэгорыях: 1 катэгорыя – дзеці ад 9 да 11 год уключна (могуць быць маладзейшыя); 2 катэгорыя – дзеці ад 12 да 14 год уключна.

На дыяцэзіяльнай сустрэчы катэхетаў у Глыбокім разам з біскупам Алегам Буткевічам было вырашана, што першы парафіяльны этап Конкурса адбудзецца 7 сакавіка 2020 года. Дэканальны этап запланаваны на 21 сакавіка, а фінал – на 25 красавіка (увага – змена даты).

Асновай конкурсных матэрыялаў з’яўляецца змест кнігі Зыходу Старога Запавету (любое кананічнае выданне).

Дзеці, якія жадаюць прыняць удзел у конкурсе, павінны ў бліжэйшы час звярнуцца да сваіх катэхетаў або пробашчаў.

Для ўдзелу ў конкурсе парафіі неабходна даслаць арганізатарам па электроннай пошце запоўнены фармуляр для запісу з дадзенымі ўдзельнікаў да 16 лютага ўключна.

Арганізатарам Дыяцэзіяльнага конкурса біблійных ведаў з’яўляецца Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. Дыяцэзіяльны каардынатар – с. Дар’я Галубкова OV. Усе пытанні можна кіраваць на паштовую скрыню vitebsk.caritas@gmail.com

Адкрыем разам моц і прыгажосць Божага Слова!

для друку для друку