Дыяцэзіяльная сустрэча руху “Маці ў малітве” прайшла ў Глыбокім

14 снежня 2019 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім прайшла дыяцэзіяльная сустрэча руху “Маці ў малітве”. Разам з матулямі радасць сустрэчы раздзялілі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, кс. Адам Квяткоўскі SDS, адказны за рух у дыяцэзіі, пробашч з Глыбокага кс. Мікалай Ціхановіч і Людміла Губіна, каардынатар руху ў Беларусі.   

На сустрэчу прыехалі жанчыны з Браслава, Верхнядзвінска, Віцебска, Відзаў, Далёкіх, Камаяў, Навасёлак, Паставаў, Пагошчы, Шаркаўшчыны, але яднала іх усіх адзіная любоў да сваіх дзяцей. Калі ўсім сэрцам аддаеш клопаты пра сваіх дзяцей Пану Богу, усведамляеш, што мае дзеці – гэта не мая ўласнасць, у якіх хочацца споўніць свае жаданні, але гэта Божыя дзеці, якіх падтрымліваем сваёй малітвай і любоўю.

На пачатку перад Найсвяцейшым Сакрамантам усе матулі разам удзельнічалі ў малітве за ўсіх дзяцей, святароў і духавенства. Затым адбылася св. Імша, якую цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч.

Пасля  малітоўнай часткі сустрэчы ў парафіяльным доме гасцей чакаў гарачы абед, гарбата і салодкі пачастунак. Там кожная парафіяльная група магла падзяліцца сваім досведам жыцця і малітвы.

Пасля абеда кс. Адам Квяткоўскі правёў канферэнцыю, падчас якой паказаў, з якой любоўю мы павінны прыняць у сваім жыцці Слова Божае. Зранку, напрацягу ўсяго дня, разважаць у сэрцы над Словамі, якія Пан Бог кажа нам менавіта сёння. А вечарам, перад адпачынкам, аддаць падзяку Богу за пражыты дзень. Даступна і цікава ў інсцэніраваным выглядзе было пададзена Слова Божае на нядзелю.

Маці, якія моляцца — гэта сапраўды адна моцная сям’я, дзе ты не адзін, дзе боль дзеліцца на ўсіх і змяншаецца, а радасць – памнажаецца.

Галіна Арлова, тэкст
Зміцер Лупач, фота

для друку для друку