Дыяцэзіяльны конкурс батлеек прайшоў у Віцебску (+відэа)

У чацвер, 4 студзеня, у Віцебску адбыўся дыяцэзіяльны конкурс батлееек, які праходзіць у межах Дзён хрысціянскай культуры Віцебскай дыяцэзіі. У гэтым годзе ў конкурсе прынялі ўдзел дзеці і моладзь з адзінаццаці парафій.

Напачатку мерапрыемства канцлер курыі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Віктар Місевіч, які быў адказным за яго правядзенне, а таксама выконваў ролю вядоўцы, прадставіў журы конкурсу, якое складалася ў гэтым годзе з чатырох чалавек. Гэта Таццяна Дарафеева, арганістка парафіі Святога Духа ў Віцебску, Алесь Замкоўскі, загадчык  літаратурна-драматычнай часткі тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску, Крысціна Бандарова, кіраўнік клуба гістарычнай рэканструкцыі «Паўночная Вежа», а таксама мадэратар курыі Віцебскай дыяцэзіі айцец Кляменцiй Верт SJ.

Напачатку конкурса да ўсіх прысутных звярнуўся біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён прывітаў усіх гасцей у Віцебску, пажадаў ім добрага выступу, пасля чаго ўсе разам з іерархам ўзнеслі свае малітвы да Езуса Хрыста і Дзевы Марыі.

Потым распачаўся ўласна сам конкурс. Сёлета ў ім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх пяці парафій Віцебска, а таксама дзеці з Докшыц, Наваполацка, Параф’янава, Відзаў, Дуброўна, Браслава.

Хаця сюжэт Божага Нараджэння адзін для ўсіх вернікаў, кожная каманда паказала яго па-свойму адметна. Хтосьці рабіў гэта падобна на тое, як гэта адбывалася дзве тысячы гадоў таму, хтосьці адаптаваў гэту тэму да сучаснасці. У кожнай каманды гэта атрымлівалася па-свойму арыгінальна, таму журы было няпроста ацаніць выступ прадстаўнікоў кожнай парафіі.

Кожная група атрымала дыплом у нейкай адметнай намінацыі за сваю арыгінальнасць і артыстызм. Трэцяе месца раздзялілі дзеці з Наваполацка і катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску, другое месца дасталася прадстаўнікам з Браслава, а першае месца атрымалі артысты з Докшыц і парафіі Святога Антонія ў Віцебску.

Дыпломы атрымалі таксама тыя юныя артысты, выступ якіх найбольш уразіў журы конкурса. Ну і вядома, усе без выключэння атрымалі салодкія падарункі ад дыяцэзіяльнага “Карытас”, якія ўручалі дзецям кіраўнік гэтага дабрачыннага таварыства ксёндз Андрэй Аніскевіч і біскуп Алег Буткевіч.

А напрыканцы іерарх блаславіў усіх удзельнікаў і запрасіў іх на такую ж сустрэчу ў наступным годзе.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

Выступленні:
Парафія Святога Уладзіслава (Віцебск-Білева)
Парафія Святой Барбары (Віцебск)
Парафія Езуса Міласэрнага (Віцебск)
Парафія Святога Духа (Віцебск)
Парафія Святога Антонія (Віцебск)
Парафія Нараджэння Маці Божай (Браслаў)
Парафія Святой Тройцы (Докшыцы)
Парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Відзы)
Парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста (Наваполацк)
Парафія Маці Божай Фацімскай (Дуброўна)
Парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Параф’янава)

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі