Пілігрымка бацькаў з Ашмян да Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах прайшла на мінулым тыдні. На распачацце паломніцтва яго ўдзельнікі сабраліся на св. Імшы і атрымалі бласлаўленне з рук кс. дзекана Яна Пузыны.
Сёлета ў пілігрымцы прыняў удзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Падчас паломніцтва ён звярнуў увагу мужчын на важнасць ролі бацькі ў выхаванні дзіцяці і прывёў прыклад свайго таты — Рамуальда. Іерарх таксама падкрэсліў патрэбу выражэння любові да Бога і бліжняга: «Дзякуючы дарам Духа Святога мы можам быць апосталамі ў сучасным свеце і даваць прыклад сапраўднай любові».
Падчас пілігрымкі шмат часу было прысвечана размове з Богам. Вернікі маліліся Вяночкам да Божай міласэрнасці, Ружанец, спявалі песні на хвалу Хрыста і Маці Божай.
Паломніцтва скончылася ўрачыстай св. Імшой у санктуарыі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах. Літургію ўпрыгожыў спеў у выкананні педагогаў і вучняў Ашмянскай школы мастацтваў.
для друку