Дыяканскае пасвячэнне ў салезіянскай супольнасці атрымае семінарыст Артур Ляшнеўскі

12 мая 2018 года семінарыст Артур Ляшнеўскі SDB атрымае дыяканскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.

Урачыстасць адбудзецца ў Кракаве (Польшча). Цырымонія пасвячэння распачнецца а 11-й гадзіне ў касцёле Св. Станіслава Косткі (вул. Канфедэрацкая, 6). Пасля Эўхарыстыі запланаваны таксама пачастунак для гасцей і святочная праграма на падворку салезіянскай семінарыі (вул. Тынецкая, 39).

Праз ускладанне рук, якое было перададзена Апосталамі, дыяканы пасвячаюцца, каб дзякуючы сакрамантальнай ласцы дзейсна спаўнялі сваё служэнне ў Касцёле. Дыякан можа ўрачыста ўдзяляць хрост, захоўваць і раздаваць Эўхарыстыю, ад імя Касцёла дапамагаць пры ўдзяленні сужэнства і благаслаўляць яго, удзяляць Віятык паміраючым, чытаць Святое Пісанне верным, настаўляць і заахвочваць народ, кіраваць набажэнствам і малітваю верных, здзяйсняць сакраманталіі, кіраваць абрадам жалобы і пахавання. На шляху да святарства, дыяканат з’яўляецца апошнім этапам перад прыняццем прэзбітэрскага пасвячэння.

Апрача семінарыста Артура Ляшнеўскага дыяканат прыме таксама 11 маладых салезіянаў: Раман Цыганюк (Украіна), Марцін Пікор, Павел Бруж, Міхал Слаеўскі, Акацый Цыбульскі, Юзаф Лысік, Якуб Марэк, Лукаш Бурніцкі, Крыштаф Яскульскі, Марк Маеўскі, Марцін Гемзік.

Клерык Артур разам са сваімі сабратамі сардэчна запрашае на ўрачыстасць пасвячэння, а таксама просіць аб малітоўным суправаджэнні падчас прыгатавання да прыняцця гэтай паслугі.

для друку для друку