Двое маладых законнікаў – беларусаў з супольнасці айцоў Сэрцанаў прынялі сакрамант пасвячэння

Вялікай радасцю ў гэты складаны для ўсяго свету час, была ўрачыстасць сакраманту пасвячэння ў ступень дыякана і прэзбітэра двух законнікаў з Беларусі, навучэнцаў пятага і шостага курсаў Вышэйшай Місыйнай Семінарыі Айцоў Сэрцанаў у Стадніках, каля Кракава (Польшча).

16 мая ў свята святога Андрэя Баболі, місіянера беларускай зямлі, сакрамант пасвячэння ў ступень дыякана прыняў Генадзь Лаўніковіч SCI з Варапаева (Віцебская дыяцэзія), а ў ступень прэзбітэра дыякан Віталь Венцкевіч SCI з Гродна.

Эўхарыстыя, якая адбывалася ў святыні мясцовай парафіі, з’яднала прысутных братоў, на чале якіх быў біскуп — сэрцанін Юзэф Врубэль, дапаможны біскуп Люблінскай архідыяцэзіі, які ўдзяліў сакрамант пасвячэння.

Іерарх заахвоціў маладых законнікаў прыгадаць сабе дыялог Пана Езуса і Пятра, ў якім Езус тройчы пытае апостала аб любові да Яго і няспынна задаваць сабе тое ж самае пытанне кожны дзень сваёй паслугі на ніве Пана, прымаючы паставу любові да Бога і людзей у ахвярным служэнні.

Сярод гасцей прысутнічаў таксама правінцыял Польскай правінцыі Айцоў Сэрцанаў кс. Веслаў Сьвеньх SCI, які скіраваў словы падзякі маладым законнікам за ахвяру і высілак у наследванні Хрыста, а таксама словы прывітання і ўдзячнасці бацькам і родным новапасвеччаных, якія, на жаль, не змаглі прыехаць на ўрачыстасць, але далучыліся духоўна праз хвалі радыё profeto.pl — сэрцанскага парталу евангелізацыі.

Даведка:

Кс. Віталь Венцкевіч SCI нарадзіўся 13 снежня 1993 г. у Гродна і паходзіць з парафіі Божай Міласэрнасці (Гродна- Вішнявец). Пасля заканчэння школы пачаў падрыхтоўку да жыцця законнага і святарскага спачатку на Беларусі, а пасля ў Польшчы. У 2014 годзе склаў свае першыя манаскія абяцанні, а ў 2018 – вечныя. У 2019 годзе прыняў пасвячэнне дыяканату з рук біскупа Эдварда Яняка ардынарыя Каліскай дыяцэзіі (Польшча). Цяпер, пасля заканчэння фармацыі, накіроўваецца на служэнне ў Беларусь. Два гады таму сакрамант пасвечання ў прэзбітэры атрымаў яго родны брат, які таксама належыць да той жа супольнасці.

Дыякан Генадзь Лаўніковіч нарадзіўся 7 кастрычніка 1994 года і паходзіць з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса у мястэчку Варапаева (Пастаўскі дэканат, Віцебская дыяцэзія). Скончыўшы сярэднюю школу ў 2012 годзе, распачаў пастулят на Беларусі і Польшчы. Наступным крокам быў гадавы навіцыят, які скончыўся ўрачыстым ахвяраваннем свайго жыцця Богу. 8 снежня 2019 года склаў вечныя абяцанні чыстасці, паслухмянасці і ўбоства, адказваючы вечным “так” на голас Божага паклікання.

Даручаем у нашай малітве Найсвяцейшаму Сэрцу новапасвечанных законнікаў, а таксама братоў – беларусаў, якія працягваюць сваю падрыхтоўку, каб служыць Касцелу на Беларусі.

Даведка:

Харызматам Сэрцанаў з’яўляецца перажыванне штодзеннасці ў духу любові і ўзнагароджання за грахі чалавецтва, а таксама ўдзячнасць Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса за дар бязмернай любві да нас. Пашыраючы культ Божага Сэрца, Сэрцане выходзяць з адчыненым сэрцам і розумам у свет, каб несці вестку аб збаўчай любові. Любоў да прапаведвання, якой заклікаў заснавальнік законнай супольнасці Сэрцанаў французкі святар Леон Ян Дэон у 1878 годзе, з’яўляецца важным аспектам штодзеннай паслугі Кангрэгацыі. Ад сваіх законнікаў айцец Леон хацеў, каб “былі прарокамі любові і слугамі паяднання людзей з Богам”.

Супольнасць Сэрцанаў на Беларусі налічвае на сенняшні дзень 13 святароў, якія нясуць служэнне ў Гродне, Астрыне, Паставах, Ляхавічах, Шаркаўшчыне і Варапаеве.

Старонка семінарыі супольнасці Айцоў Сэрцанаў seminarium.scj.pl.

Кл. Аляксандр Пятліцкі SCI, тэкст;
Фота: scj.pl , seminarium.scj.pl

для друку для друку