Душпастыр сем’яў Пінскай дыяцэзіі: Касцёл адкрыты для кожнага

semja jpgМінуў год з часу правядзення ў Ватыкане Сінода Біскупаў на тэму сям’і ў сучасным свеце, падчас якога гаворка ішла пра шматлікія складаныя пытанні і феномены, з якімі сутыкаюцца сужэнствы ў наш час. Як адзначыў душпастыр сем’яў Пінскай дыяцэзіі, кс. Пётр Бялевіч, каментуючы, як вынікі Сіноду адлюстраваліся на душпастырскай працы, падчас асамблеі былі пацверджаны евангельскае вучэнне і традыцыя Касцёла.

“Рады, што не ўдалося ўнесці ў Касцёл нейкіх рэвалюцыйных думак, якія не паходзяць ад Бога, хоць многія свецкія медыя хацелі гэтага. А заклік Сінода выйсці насустрач параненым сем’ям рэалізуецца ў Касцёле заўсёды. Мы ніколі не перашкаджаем прыйсці да Касцёла параненым, тым, хто ў разводзе і не можа ўдзельнічаць поўнасцю ў Святой Эўхарыстыі. Мы не адкідваем гэтых людзей. Напрыклад, прыходзім з душпастырскімі візітамі, молімся з імі, асвячаем іх дамы. І заахвочваем да малітвы, каб прыходзілі ў касцёл, заахвочваем быць вернымі Пану Богу. Бо толькі Ён ведае ўсе прычыны, нават самыя глыбокія, чаму ўзніклі гэтыя цяжкасці, і як вылечыць гэтыя раны. Таксама прымаем дзяцей з такіх сем’яў да Першай Камуніі. Апошнім часам павялічылася і колькасць тых, хто просіць пахрысціць дзіця, але сам жыве ў несакрамэнтальным сужэнстве. Таксама не адкідаем і выходзім насустрач, калі такія бацькі гавораць, што хочуць выхоўваць дзіця па-каталіцку”, — распавёў душпастыр сем’яў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Ацаніць колькасць несакрамэнтальных сужэнстваў у дыяцэзіі цяжка, але кс. Бялевіч адзначыў, што большасць тых, хто прыходзіць у Касцёл, жывуць у сакрамэнтальных саюзах, і можна ўпэўнена сказаць, што колькасць разведзеных у парафіях не расце.

Што тычыцца гомасексуальных асобаў, калі яны звернуцца па дапамогу, то яе ў Касцёле гатовы аказаць, падксрэсліў душпастыр сем’яў Пінскай дыяцэзіі. “Кожны чалавек – гэта Божы чалавек, нават няхрышчаны мае шанс прыйсці да Пана Бога і спазнаць Яго. Таму адкідаць нікога нельга, і будзем займацца кожным чалавекам паасобку. Мы адкрытыя, Касцёл – для ўсіх людзей, мы не адзначаем, што нехта лепшы, нехта горшы. Мы ўсе грэшныя, як неаднаразова казаў Папа. І як вучыць Касцёл, мы будзем заахвочваць гомасексуальных асобаў пакінуць грэшнае жыццё, перамяніцца, папрасіць у Езуса аздараўлення, умацавання. Трэба выслухаць, суцешыць, параіць, памаліцца за такога чалавека, але – без асуджэння. Калі я сустракаўся з такімі людзьмі раней, бачыў, што яны вельмі параненыя, і вельмі прасілі дапамогі, каб выйсці з гэтага стану”, — адзначыў святар.

Душпастыр параіў усім узгадаць параду папы Францішка, якую ён неаднаразова скіроўваў да сужэнцаў – у кожнай сям’і як мага часцей павінны гучаць словы: калі ласка, перапрашаю, дзякую.

для друку для друку