Думкі і малітвы святога Яна Златавуснага

13 верасня Каталіцкі Касцёл успамінае св. Яна Златавуснага (Хрызастома), біскупа і доктара Касцёла. Мы падрыхтавалі для чытачоў “Каталіцкага Весніка” меркаванні святога Яна пра малітву, а таксама яго знакамітую няспынную малітву.

  • Малітва – гэта лекі. Але калі мы не ведаем, як іх ужываць, мы не атрымаем ад іх карысці. І перш за ўсё варта ведаць, што для малітвы не патрабуецца пэўнага становішча цела, няма неабходнасці ў асаблівым месцы і часе, але патрэбныя толькі шчодры розум і ўвага. Апостал Павел (хоць быў у гэты час звязаны ў кайданы) ператрос вязніцу і прывёў яе ў рух, таму што памаліўся з жаданнем. Нам трэба навучыцца мець моцнае жаданне да малітвы. Мець жаданне быць у няспынным дыялогу з Госпадам – днём і ноччу.
  • Мы павінны падыходзіць да Бога і гаварыць з Ім сам-насам. Таму што калі нам трэба сказаць нешта сур’ёзнае нашым сябрам, мы з імі сустракаемся асабіста і асабіста абмяркоўваем. Тым больш трэба, каб мы рабілі так у гутарцы з Богам, уваходзячы ў блізкасць адносінаў з Ім. І наша малітва абавязкова будзе пачутая, калі тое, пра што мы просім, будзе нам на карысць.
  • Ты кажаш, што схіляеш калені, але думкі твае лунаюць па-за малітвай. Вусны гавораць малітву, а думкі падлічваюць даходы, сувязі, адносіны, маёмасць і г.д… Д’ябал, падступны, які ён і ёсць, выступае супраць нас. Ён ведае, што час малітвы вельмі для нас карысны. Так часта бывае, што калі мы кладзёмся спаць, у нас няма ніякіх думак. А прыходзім на малітву– і нам перашкаджаюць незлічоныя думкі, бо д’ябал аддаляе нас ад малітвы, каб не было нам карысці, таму што ён, безумоўна, ведае, што самая вялікая зброя – гэта малітва.
  • Калі, любы дружа, ты бачыш, што думкі, якія аддаляюць ад Госпада, прыходзяць у гадзіну малітвы (і калі ты па-за домам, у дарозе), кажы бесперапынна: “Злітуйся нада мною”, не рухаючы вуснамі, але магутным крыкам розуму. Таму што і калі мы маўчым, Бог нас чуе. Месца не мае значэння, але нам важны спосаб. Ерамія быў у дрыгве – і звяртаўся да Бога. Ён сядзеў зверху на багне – і Госпад яго пачуў. Ён ва ўлонні кіта таксама быў пачуты Богам.
  • І калі ты ў лазні – маліся, і калі ты ў дарозе, і калі ў ложку. Куды б ты ні пайшоў, маліся! Ты – храм Божы, не шукай асаблівага месца, бо патрэбна толькі твая прысутнасць і жаданне быць з Госпадам.

24 малітвы святога Яна Залатавуснага па колькасці гадзін дня і ночы

  1. Божа, не пазбаў мяне нябесных Тваіх дабротаў.
  2. Божа, збаў мяне ад вечных мукаў.
  3. Божа, розумам ці думкаю, словам ці ўчынкам зграшыў я, прабач мне.
  4. Божа, збаў мяне ад ўсякага няведання і забыцця, і маладушнасці, і скамянелае нячуласці.
  5. Божа, збаў мяне ад усялякай спакусы.
  6. Божа, прасвятлі маё сэрца, азмрочанае зманлівай пажадлівасцю.
  7. Божа, я, як чалавек, зграшыў, Ты ж, як Бог шчодры, змілуйся нада мною, бачачы немачы маёй душы.
  8. Божа, спашлі ласку Тваю ў дапамогу мне, каб я праславіў імя Тваё святое.
  9. Божа, Езу Хрыстэ, запішы мяне, слугу Твайго, у кнізе жыцця і даруй мне шчаслівую смерць.
  10. Божа мой, хоць я і нічога добрага не зрабіў перад Табою, але дай мне з ласкі Тваёй пакласці добры пачатак.
  11. Божа, абмый маё сэрца расою Тваёй ласкі.
  12. Божа неба і зямлі, успомні мяне грэшнага, нягоднага і нячыстага слугу Твайго ў Валадарстве тваім. Амэн.
  13. Божа, у пакаянні прымі мяне.
  14. Божа, не пакінь мяне.
  15. Божа, не дай мне ўвайсці ў спакусу.
  16. Божа, дай мне добрыя думкі.
  17. Божа, дай мне слёзы, і памяць пра смерць, і замілаванне.
  18. Божа, дай мне жаданне вызнаваць мае грахі.
  19. Божа, дай мне пакорлівасць, цнатлівасць і паслухмянасць.
  20. Божа, дай мне цярпенне, велікадушнасць і лагоднасць.
  21. Божа, пасадзі ўва мне корань дабра і боязь Божую у сэрца маё.
  22. Божа, навучы мяне любіць Цябе усёю душою маёю і розумам і выконваць ва ўсім волю Тваю.
  23. Божа, захавай мяне ад злых людзей, і ад дэманаў, і ад спакусаў, і ад усялякіх іншых нядобрых рэчаў.
  24. Божа, няхай будзе воля Твая ва ўсім, і ўва мне, грэшным, бо Ты благаславёны на векі. Амэн.

    Падрыхтавала Вікторыя Колзун

для друку для друку