Духоўная хвароба

duxovnaaj xvarobaРаспачаўся Вялікі пост — час падрыхтоўкі да Вялікадня. У гэты перыяд мы асаблівым чынам імкнемся змагацца са сваімі слабасцямі, са сваімі грахамі.

Грэх можна прыраўняць да духоўнай хваробы чалавека. Грэх знішчае ў нас Божы вобраз, дэфармуе, адкідвае ў адзіноту, робіць няздольнымі падтрымліваць еднасць з Богам і бліжнімі.

Выбар зла прыносіць у душу чалавека хваробу, яна жыве ў ім і распаўсюджваецца на яго памяць, думкі і жаданні. Споведзь не лечыць цалкам гэту хваробу. На споведзі прабачаецца віна за грэх, але застаюцца схільнасць грашыць і тая лёгкасць, з якой грэх можа паўтарыцца.

Такі стан душы падобны да чалавека, які зламаў нагу. Праходзіць час, і яго косткі зрастаюцца, ён ужо не хворы, але некаторы час яшчэ не можа бегаць, займацца актыўнымі відамі спорту. Гэта наступствы яго траўмы.

Чарговы Вялікі пост — шанс распачаць новае жыццё. Хрыстос часта выходзіў у пустыню, бо там нічога не перашкаджала маліцца. Там мала ежы, і там Ён посціць. Адтуль Ён вяртаўся, каб несці міласціну тым, хто нічога не можа даць узамен, — слабым целам і духам, маленькім і ўбогім. Нездарма Вялікі пост параўноўваюць з выхадам у пустыню.

Да кожнага, хто выбірае такую дарогу, падступае злы дух і спакушае збочыць з гэтай вузкай сцежкі. Малітва, пост і міласціна — “інструменты”, якія дапамагаюць нам перамагаць д’ябла. Перамагаючы яго, мы атрымліваем гармонію ў адносінах з Богам, з самім сабою, з бліжнімі і з усім стварэннем.

Вялікі пост — час, калі мы прыходзім да Хрыста з хваробай нашых грахоў, з ранамі, якія мы атрымалі не на адной духоўнай паразе, з сэрцам, змучаным ад гневу, зайздрасці, нянавісці, падману, праклёнаў, жадання адпомсціць.

Прыходзім нават з адчуваннем агіды да сябе. Часта нас мучыць сумненне, ці захоча Божы Сын наблізіцца да мяне, увайсці ў маё жыццё, такое цяжкае і змрочнае. Хрыстос хоча ачысціць тыя цёмныя бакі нашай душы, да якіх нават мы самі баімся дакрануцца. Ён не ўхіляецца ад нас, таму давайце не будзем баяцца звяртацца да Яго.

ксёндз Кірыл Бардонаў, ng.sb.by

для друку для друку