Духоўныя ініцыятывы Навагрудскіх вернікаў аб супакоі, згодзе, прабачэнні і справядлівасці ў Беларусі

Гэтыя вельмі неспакойныя дні натхнілі вернікаў парафіі Святога Міхала Арханёла да духоўнай абароны нашай краіны. У сувязі са складанай, даволі напружанай сітуацыяй у грамадстве на працягу тыдня адбыўся шэраг малітоўных ініцыятыў з верай, што будучыня нашай краіны і Касцёла знаходзяцца толькі ў руках Божай прадбачлівасці.

Так, на працягу двух мінулых месяцаў, 52 чалавекі згадзіліся трымаць адзін або некалькі дзён у нядзелю шчыры пост на вадзе або на хлебе і вадзе. У ноч з 8 на 9 жніўня адбылося начное чуванне перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам, дзе вернікі горача ўзносілі свае малітвы, каб Езус змілаваўся над нашай краінай. Кожны дзень пачынаючы з 9 жніўня адбываліся адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту.

14 жніўня распачалася навэнна да Маці Божай за Беларусь. Асноўнымі ўмовамі 9-ці дзённай навэнны з’яўляюцца шчырая споведзь, штодзённы ўдзел у св. Імшы і прыняцце св. Камуніі, чытанне Божага Слова, малітва на ружанцы, міласціна для бедных і распаўсюд навэнны сярод знаёмых і блізкіх.

Кожны дзень цэлебруецца св. Імша ў інтэнцыі нашай краіны. А ў мінулую нядзелю, 16 жніўня, адбылася роварная пілігрымка ў касцёл ва Ўселюбе да Маці Божай Новага Жыцця, каб занесці Багародзіцы інтэнцыі за нашу краіну.

Вернікі з Навагрудка заклікаюць вернікаў з іншых парафій Беларусі больш актыўней удзельнічаць у духоўных ініцыятывах Каталіцкага Касцёла.

Кс. Юрый Жэгарын

для друку для друку