Друя – цэнтр адраджэння беларускасці

DryajУ гэтым годзе Каталіцкі Касцёл у Беларусі адзначае значны юбілей – 100-годдзе нараджэння беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча. Імя гісторыка, культуролага, публіцыста, экуменіста і змагара за нацыянальнае адраджэнне беларусаў непарыўна звязана з яго малой радзімай – мястэчкам Друя.

У Друйскай гімназіі пры кляштары марыянаў будучы іерарх вучыўся і тут пачаў свой духоўны шлях. Увогуле для мясцовага Касцёла Друя – месца знаковае і сакральнае. У 1924-1938 гг. тут знаходзілася бадай самая буйная беларускамоўная каталіцкая супольнасць. Друя, нягледзячы на час, нялёгкія абставіны і палітычныя працэсы, здолела выхаваць не аднаго знакамітага сына сваёй зямлі і захаваць беларускі дух.

Пробаш парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі кс. Сяргей Сурыновіч у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё нагадаў, што Друя заўсёды збірала людзей, якія хацелі размаўляць, маліцца і прапаведваць па-беларуску. “Друя з пачатку ХХ стагоддзя была сталіцай беларускай мовы.

Магчыма таму тыя маладыя людзі, якія шукалі свайго паклікання, калі апынуліся ў Друе, датыкнуліся да сваіх каранёў, да беларускасці і зразумелі, наколькі сакавітая і смачная гэта беларуская мова ў кантэксце прабывання перад Богам, служэння Богу і людзям у Касцёле. Чэслаў Сіповіч знайшоў не толькі сваё пакліканне ў Друі, у кляштары, але і самаго сябе як беларуса. Яго станаўленне ў беларускасці таксама адбывалася ў Друі. Перакананы, што Друя стала той кропкай выйсця, якую ён пранёс праз усё сваё жыццё, калі жыў ужо ў Лондане і там збіраў беларусаў”, — нагадаў гісторыю святар.

Насамрэч, Чэслава Сіповіча ў 1938 г. паводле загаду польскіх уладаў разам з іншымі марыянскімі студэнтамі выселелі з друйскага кляштара і яны не змаглі працягваць навучанне ва ўніверсітэце, бо вяртацца ў Вільню ім не дазволілі. Ён працягнуў сваю адукацыю ў Рыме, жыў і служыў у Лондане і напрацягу ўсяго жыцця захоўваў сувязь з радзімай і беларускай мовай, хай і на адлегласці. Магчыма, менавіта кіламетры нацыянальную свядомасць у святара, а потым біскупа, і ўмацоўвалі.

З іншага боку, дзякуючы такім людзям пра Беларусь і беларускую мову даведаліся ў свеце, лічыць айцец Сяргей Сурыновіч. “Не толькі ў Друі былі такія ўспышкі беларускасці, гэта быў час адраджэння нацыянальнай культуры, станаўлення сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Беларускія асяродкі з’яўляліся у розных месцах, асабліва ў заходняй частцы Беларусі, на Віленшчыне: гэта і кс. Адам Станкевіч, і кс. Ільдэфонс Бобіч. Але Друя гэта тое месца, якое згуртавала больш людзей, якія менавіта панеслі беларускую мову ў свет, таксама за мяжу”, — сказаў святар.

Кс. Сяргей Сурыновіч працуе ў Друі два гады і першае ўражанне аб знакамітым месцы – а ён шмат ведаў аб ім да гэтага – было балючым. Гістарычная спадчына зараз знаходзіцца ў жалосным стане – патрабуецца тэрміновы рэмонт. Але нягледзячы на гэта, святар застаўся тут служыць і ўпэўніўся, парафія жыве – кожную нядзелю тут можна бачыць журналістаў, пісьменнікаў, літаратараў, краязнаўцаў і простых людзей. Канешне, часцей беларускамоўных, заўважыў пробашч. “Яны ўжо робяць вялікую справу, дапамагаюць Друі: яна часта з’яўляецца на старонках прэсы, у інтернэт-выданнях, аб Друі здымаюць фільмы. Друя кліча людзей.

У маім бачанні па-першае, тут трэба адназначна рабіць рамонт, па-другое, Друя магла б стаць сапраўднай навуковай і культурнай сталіцай нашай дыяцэзіі. Тут можа знаходзіцца духоўны цэнтр, цэнтр для рэкалекцый – ёсць для гэтага ўмовы і вялікія памяшканні. А галоўнае можна было б прыцягваць людзей на нейкія культурныя і духоўныя мерапрыемствы”, — лічыць святар.

Калі адбудзецца адраджэнне друйскага кляштара, пакуль не вядома. Але тое, што Друя, з якой выйшаў біскуп Чэслаў Сіповіч, прыцягвае людзей не знешнім выглядам, а асаблівым магнетызмам, багатай гісторыяй і прыгожай малітвай па-беларуску – гэта відавочна. Так было, ёсць і будзе, спадзяецца кс. Сяргей Сурыновіч.

radiovaticana.va

для друку для друку