“Дом Супакою” і свіст сірыйскіх ракет: беларускі дыякан распавядае пра падарожжа ў Бэтлеем

betlejem1

Дк. Аляксей

Беларускі дыякан Аляксей Паплёўка з Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і амаль месяц знаходзіўся ў прытулку “Дом Супакою” (“Home of Peace”), што ў Бэтлееме, горадзе, дзе нарадзіўся Езус.  Пра сваё падарожжа ён распавёў “Каталіцкаму Весніку”.

– Раскажыце, калі ласка, як Вы патрапілі ў прытулак у Бэтлееме?

– У прытулак я трапіў вельмі нечакана. Ёсць такі фонд “Залатая Ружа”, дзеячы якога арганізуюць перш за ўсё рэкалекцыі і падарожжы для святароў і кансэкраваных асоб. У гэтым годзе вырашылі арганізаваць прабыванне на Святой Зямлі для 6 семінарыстаў з мэтай паглыблення духоўнасці і біблійных ведаў. Пашчасціла і мне апынуцца ў гэтай лічбе.

–  А хто апякуецца прытулкам “Дом Супакою”?

– Прытулак знаходзіцца ў Бэтлееме, месцы народзін Езуса.

betlejem5

Невялікі гарадок на тэрыторыі палесцінскай аўтаноміі, дзе большасць людзей – вызнаўцы ісламу. Прытулкам апякуюцца тры сястры Кангрэгацыі св. Альжбеты. Ордэн быў заснаваны ў 1842 годзе с. Кларай Вулф у Польшчы. Матывацыяй да заснавання, як і ў шматлікіх іншых ордэнаў, былі сацыяльныя патрэбы, якія на пачатку ХІХ ст. былі неверагодна высокія. Сёння сёстры працуюць у 19 краінах свету.

– Каму менавіта дапамагаюць сёстры св. Альжбеты?

– Сёстры займаюцца апекай самотных хворых, старэйшых людзей і тых, хто патрабуе дапамогі, а таксама псіхічна хворымі дзецьмі ў дамах апекі і прытулках. У дзіцячых садках займаюцца агульным і рэлігійным выхаваннем дзетак. Выконваюць таксама розныя заданні на парафіях. Манахіні самі пра сябе кажуць: “Нашае заданне – паказваць людзям міласэрную любой Айца”.

betlejem4

У дзяцей, якімі апякуюцца сёстры, звычайна ёсць сем’і, або прынамсі хтосьці з бацькоў. У прытулку яны прабываюць на працягу тыдня, але на выходныя знаходзяцца ў сваіх дамах. Пусты прытулак таксама і падчас канікулаў. Усе дзеці з хрысціянскіх сем’яў з Бэтлеема.

– Колькі дзяцей знаходзіцца пад апекай сясцёр і якога яны ўзросту?

– Пад апекай сясцёр 20 чалавек ад 4-ох да 18-ці гадоў. Усе мясцовыя. Цікава, што дзіця павінна ва ўзросце 6-ці гадоў добра валодаць ангельскай мовай, хоць асноўная мова – арабская. Сёстры часта таксама гавораць да дзяцей на польскай мове, таму некаторыя разумеюць таксама па-польску. Адна дзяўчынка, якой усяго 5 гадоў, выдатна размаўляе на ангельскай, арабскай і польскай мовах, прычым не мае праблем, калі тры сястры адна за адной звяртаюцца да яе на трох розных мовах. Гэта для нас быў шок (усміхаецца).

– Якім чынам дзеці атрымліваюць адукацыю ў Бэтлееме?

– Дзеці выхоўваюцца сёстрамі. Такім чынам атрымліваюць выхаванне як каталіцкае так і свецкае.

betlejem2

У той самы час яны вучацца ў школах, якія вядуць каталіцкія законныя кангрэгацыі. У гэтыя школы ходзяць таксама мусульмане, якіх дарэчы большасць. Вывучаюць тыя самыя прадметы, што і ў нас, хоць некаторыя часта злучаюць у адзін прадмет. Адметна тое, што экзамены здае толькі каля 20% вучняў. Навучанне адбываецца 5 разоў на тыдзень, але выходныя не субота-нядзеля, але пятніца і нядзеля. Бо пятніца – гэта святочны дзень для мусульман, так як для нас нядзеля.

– Раскажыце, калі ласка, як звычайна выглядае дзень у прытулку?

– Сёстры прачынаюцца а 5-ай гадзіне на малітву, а ў 5.30  будзяць дзяцей, якія мыюцца і ідуць на сняданне. У 6.40 спецыяльны мікрааўтобус адвозіць іх у школу. Пакуль дзяцей няма, сёстры займаюцца рознымі справамі, часцей за ўсё адна прыбірае ў пакоях, другая рыхтуе абед, а трэцяя – дырэктар – працуе ў офісе. Дзеці ў 13.30 вяртаюцца.

betlejem3

Пасля абеду яны маюць час на дамашняе заданне, адбываюцца якія-небудзь заняткі з адной з сясцёр.

Ёсць таксама час на адпачынак на свежым паветры.

betlejem6

Пасля вячэры ў 18.00 – Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Яна доўжыцца 10 хвілін, бо больш дзеці не могуць вытрымаць. Потым яны ідуць адпачываць у свае пакоі, а сёстры застаюцца на Адарацыі яшчэ нейкі час.

– Чым менавіта Вы займаліся ў прытулку?

betlejem8

Дк. Аляксей (злева) з братамі

– Гэты выезд быў прысвечаны ў першую чаргу паглыбленню нашай духоўнасці і ведаў. Але 2 тыдні мы з братамі, якія разам прыехалі, працавалі фізічна: чысцілі краты, пасля іх фарбавалі. Увесь дом у кратах, бо шмат крадзяжоў. Гучыць прасцей, чым выглядала сама праца. Бо тэмпература паветра дасягала 35-ці градусаў, плюс моцны вецер. Таму часамі фарба засыхала хутчэй, чым апыналася на фарбаваным аб’екце (усміхаецца).

– Які лёс чакае выпускнікоў інтэрната?

 – Пакідаюць інтэрнат тады, калі ўжо не патрабуюць дапамогі. Старэйшай дзяўчыне 18 гадоў, але яна ўжо сама дапамагае як валанцёр. Кожны пасля экзаменаў стараецца паступіць у вышэйшую навучальную установу, або тэхнікум.

betlejem9

Прытулак дае ім усё, чаго патрабуюць, каб годна жыць. Гісторыі кожнага вельмі складаныя і без прытулку яны маглі б не знайсці сваё месца ў свеце.

– Што Вас найбольш уразіла падчас знаходжання ў Бэтлееме?

– Мяне ўразіла тое, як моцна дзеці змяняюцца ў прытулку. Шмат мусульман хацела б сюды аддаць сваіх дзяцей, бо часта чуюць пра неверагодныя эфекты выхавання дзяцей у гэтым месцы. Кранулі розныя гісторыі, мноства гісторый з жыцця асобных дзяцей. Умовы жыцця ў дамах кепскія, бацькі не лепшым чынам дбаюць пра сваіх дзяцей. Цікава, што дзецьмі больш займаюцца і цікавяцца таты, а не мамы.

Увогуле Палесціна моцна залежная ад Ізраіля. Напрыклад Ізраіль дастаўляе Палесціне ваду і абмежаванне на аднаго чалавека складае 50 літраў на дзень, у той час як на яўрэя амаль што 300 літраў. Такіх дзіўных сітуацый можна шмат назваць, таму жыццё палесцінцаў не самае лёгкае. Акрамя гэтага, добра ведаем, што Сірыя, дзе ідзе вайна, мяжуе з Ізраілем. Аднаго дня мы паехалі ў горы Голан, 20-30 км ад мяжы з Сірыяй і на ўласныя вушы чулі стрэлы, выбухі, свіст ракет. Гэта нас моцна кранула. Цяпер вайна для нас не нейкая абстракцыя, але рэчаіснасць. Націск на бяспеку пакладзены вельмі моцны, аб гэтым сведчыць 3-гадзінны кантроль у аэрапорце з капітальным ператрусам, які адбыўся, калі мы выляталі.

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку