Дні засяроджанасці для дзяўчат прайшлі ў Браславе

braslau_dziauczaty_12З 6 па 8 сакавіка ў кляштары сясцёр эўхарыстак у Браславе прайшлі дні засяроджанасці для дзяўчат. Прыехалі яны з Жодзіна, Барысава, Мінска, Мёраў, Слабодкі, удзельнічалі таксама і браслаўчанкі. Тэма была «Нашы пытанні да Бога і Божыя пытанні да нас».

Асаблівым момантам, які вельмі цанілі дзяўчаты, была Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, дзе можна было з Госпадам размаўляць на турбуючыя пытанні і проста быць у Яго прысутнасці. Кульмінацыйным пунктам гэтых дзён стала супольная Эўхарыстыя, якую цэлебраваў а. Уладзімір. Адказныя за прыгатаванне Літургіі рыхтавалі Малітву вернікаў і дары, дзе была адзначана роля жанчыны ў свеце, а таксама нашы жыццёвыя пытанні.

Падчас канферэнцыі ўдзельніцы рэкалекцый засяродзілі ўвагу над пытаннямі, якія знаходзілі ў Святым Пісанні: “Дзе ты?” (Быц 3,9), “Што ты бачыш?” (Ер 4,9), “Дзе брат твой?” (Быц 4,9). Таксама дапамогай у разважаннях стала Кніга Ёва.

braslau_dziauczaty_06

Мелі месца таксама жаночыя спатканні позна ўвечары, на якіх розныя бачныя вобразы станавіліся яўнай праўдай пра саміх сябе і адносіны з Богам. Быў момант падзяліцца тым, што знаходзіцца глыбока ў сэрцы. Вельмі карысным стаў час працы ў групах, бо можна было даць волю сваім пачуццям, перажыванням і думкам, ведаючы, што цябе стараюцца зразумець і прыняць.

Быў час цішыні, калі пасля Вяночка да Божай Міласэрнасці, трэба было захоўваць маўчанне і размаўляць толькі з Богам. Гэта было не складана, таму што Браслаў мае цудоўную прыроду, дзе можна захапляцца мастацтвам Самога Бога.

Канешне патрэбай сэрца стала дзяленне супакоем, верай і радасцю з іншымі, таму дзяўчаты ў апошні дзень накіраваліся ў Санаторый для падлеткаў. Там ўдзельніцы рэкалекцый прадставілі падрыхтаваны флэшмоб, а таксама і вучылі танчыць прысутных. Супольная гульня стала момантам сяброўскай сустрэчы, а на заканчэнне дзяўчаты падаравалі “ліст на смутны дзень”, які пісалі і ўпрыгожвалі для іх напярэдадні.

braslau_dziauczaty_21

Прыемна здзівілі браслаўскія хлопцы сваім віншаваннем, якога ніхто не чакаў. Знак увагі і маленькі падарунак, зроблены для кожнай дзяўчыны ўласнаручна стаў апошняй прыемнай кропкай у перажываннях гэтых дзён.

Кожная з удзельніц спадзяецца на плён гэтага часу ў сваёй штодзённасці. За тыя дні, напоўненыя радасцю і супакоем, сяброўскай атмасферай і шчырасцю, дзякуем Міласэрнаму Богу!

С. Таццяна Гмыза, тэкст
Вікторыя Мітрафанава, фота

для друку для друку