Дні духоўных практыкаванняў для членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў прайшлі ў Лебедзеве

15 і 16 верасня ў вёсцы Лебедзева прайшлі дні духоўных практыкаванняў для членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA). Група сабралася разам з духоўным кіраўніком с.Веранікай Блізнюк FMA у мясцовай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса для таго, каб праз малітву глыбей асэнсаваць асабістую прыналежнасць да Асацыяцыі.

Практыкаванні распачаліся св.Імшой. Затым усе сабраліся ў парафіяльным доме на канферэнцыі. Для разважання с. Вераніка прапанавала ўрывак з Евангелля ад Мацвея 25, 14-30. З новай патрабавальнай сілай прагучалі добра вядомыя словы: “Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца… А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру…”.

Абавязкам кожнага члена Асацыяцыі з’яўляецца малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі. Многа раз за два дні ўдзельнікі практыкаванняў звярталіся са словамі падзякі да Марыі Успамогі Хрысціянаў, асаблівым момантам стала ружанцовая малітва ў капліцы парафіяльнага дома. А затым – момант Эўхарыстычнай Адарацыі. На адарацыі вучыліся ў кс. Боска любіць Эўхарыстычнага Хрыста, годна Яго прымаць, а таксама больш давяраць Яму і Найсвяцейшай Маці.

У гэтыя дні адбылася яшчэ адна важная падзея для групы ADMA. Згодна з Правіламі Асацыяцыі Марыі Успамогі быў абраны Савет, вызначаны функцыі членаў Савета ў мясцовай групе ADMA, а таксама акрэслена служэнне, якое члены групы будуць выконваць у парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, а таксама ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боска.

Наталля Субко – старшыня ADMA ў Смаргоні, SDB.by

для друку для друку