Для Пантыфіка пашылі адмысловы арнат на св. Імшу ў Чэнстахове

arnatПапа Францішак узначаліць 28 ліпеня на Яснай Гары ў Чэнстахове св. Імшу ў спецыяльна падрыхтаваным арнаце. Літургічная вопратка будзе ўпрыгожана евангельскай сцэнай Хросту Пана, што стане спасылкай на юбілей 1050-годдзя Хросту Польшчы.

“Гэты матэрыял вельмі лёгкі, пяшчотны, пераплецены залатой ніткай. Вышыўка зроблена шоўкам. Пан Езус стаіць у вадзе, а св. Ян хрысціць Яго”, — патлумачыла с. Барбара Сувальска, з Кангрэгацыі сясцёр весціярак Езуса (Congregatio Sororum Vestiariarum Iesu). Менавіта гэта манаская супольнасць выканала арнат для Папы Францішка. На ім змешчана таксама выява крыжа і эўхарыстычныя сімвалы. Усё вытрымана ў залатой танальнасці. Прычым, сцэна Хросту знаходзіцца на заднім баку арната, наперадзе змешчаны звычайны крыж.

Сёстры весціяркі вядомыя сваімі працамі для Маці Божай Чэнстахоўскай. Яны таксама стваралі літургічную вопратку для Яна Паўла II падчас яго пілігрымак у Польшчу.

Асноўная місія законніц – выкананне літургічнага адзення. Гэтае служэнне вынікае ўжо з самой назвы супольнасці, лацінскае слова “veste” азначае вопратку.

Айцы-паўліны з санктуарыя на Яснай Гары падкрэслілі, што арнат для Святога Айца ўжо падрыхтаваны, аднак толькі Францішак прыме канчатковае рашэнне, ці менавіта яго апране падчас св. Імшы ў чацвер 28 ліпеня.

Ватыканскае радыё

для друку для друку