Для чаго абіраецца касцельны камітэт?

original“Хвала Хрысту. Для чаго абіраецца касцельны камітэт? Якія яго функцыі і якімі нарматыўнымі дакументамі рэгламентуецца яго дзейнасць?” Зоя Растоўская, Глыбокае.

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Згодна з навучаннем Касцёла, парафія – гэта супольнасць вернікаў, сфарміраваная ў партыкулярным Касцёле, над якой душпастырскі клопат пад уладай дыяцэзіяльнага біскупа даручаецца пробашчу як уласнаму пастыру (Пар. “Кодэкс Кананічнага права”, кан. 515 — § 1). Другі Ватыканскі Сабор сцвярджае, што парафіі прадстаўляюць бачны Касцёл, устаноўлены на ўсёй зямлі (Пар. “Канстытуцыя пра святую Літургію”, 42). Ва ўзгаданым дакуменце гаворка ідзе таксама пра парафіяльную супольнасць вернікаў. Варта ў гэтым месцы нагадаць, што жыццё вернікаў грунтуецца на перакананні ў тым, што збаўляе Бог – Езус Хрыстус, Які напаўняе надзеяй сваёй прысутнасці згодна са словамі: “Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20).

У парафіі і дзякуючы ёй вернік уваходзіць у супольнасць партыкулярнага Касцёла, г. зн. у дыяцэзію, а таксама становіцца чальцом паўсюднага Касцёла, які ёсць Містычным Целам Хрыста. Узгаданая повязь парафіі з паўсюдным Касцёлам мае вельмі вялікае значэнне для разумення ролі самой парафіі.
У першыя стагоддзі хрысціянства ўсё касцельнае жыццё канцэнтравалася вакол біскупа як пастыра, пераважна ў горадзе, дзе жыла вялікая колькасць вернікаў. Біскупу ў служэнні дапамагалі святары і дыяканы. З цягам часу, калі Касцёл распаўсюджваўся, узнікла неабходнасць будаваць новыя святыні ў аддаленасці ад біскупскай сталіцы. Дзеля духоўнага дабра вернікаў біскупы прызначалі святароў, адказных за душпастырства ў супольнасцях, якія сталі называць парафіямі.

Хоць супольнасць вернікаў, у тым ліку парафія, сфарміравана вакол таямніцы жывога Бога, прысутнага ў ёй, але жыве яна на зямлі і складаецца з людзей, таму для належнага функцыянавання патрабуе правілаў і нормаў. Парафіі ў нашай краіне ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з “Кананічным правам Паўсюднага Касцёла”, пры захаванні Канстытуцыі і актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Кожная парафія мае статут, на падставе чаго атрымлівае рэгістрацыю дзяржаўных органаў. Гэтым і вызначаецца сфера яе дзейнасці.

“Кодэкс Кананічнага Права” ў каноне 536 пакідае дыяцэзіяльнаму біскупу магчымасць стварэння ў парафіях душпастырскай рады, якую ўзначальвае пробашч. Яе чальцамі павінны быць вернікі і тыя, хто па прызначэнні ўдзельнічае ў душпастырскім клопаце парафіяльнай супольнасці. У 1015 нумары “Статутаў Сінода Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій” сустракаем рэкамендацыі ствараць у парафіях душпастырскія рады. Згаданыя статуты сцвярджаюць, што склад такой рады павінен прадстаўляць усю парафіяльную супольнасць, таму яе чальцамі могуць быць пад кіраўніцтвам пробашча святары-вікарыі, рэктары касцёлаў, прадстаўнікі кансэкраваных асобаў, катэхеты, рэпрэзентанты парафіяльных груп і рухаў, а таксама іншыя парафіяне, якім давяраюць вернікі. Канон 537 “Кодэкса Кананічнага права” пастанаўляе, што ў кожнай парафіі павінна быць рада па эканамічных справах, чальцы якой дапамагаюць пробашчу пры выкананні адміністрацыйных заданняў, каторыя датычаць маёмасці, матэрыяльных дабротаў і фінансаў парафіі. Дзве рады кіруюцца паўсюдным правам і нормамі дыяцэзіяльнага біскупа.

Узгаданы вышэй Статут у 1023 нумары тлумачыць узнікненне касцельных камітэтаў і іх заданні, якія, паводле меркавання Айцоў Сінода, супадаюць у нейкай ступені з заданнямі рады па эканамічных справах. Згодна з дзяржаўным заканадаўствам, касцельны камітэт з’яўляецца выканаўчым і распараджальным органам парафіі. Яго дзейнасць рэгулюецца статутам парафіі, зацверджаным дыяцэзіяльным біскупам і дзяржаўнай уладай, які захоўваецца ў архіве парафіі. Да заданняў касцельнага камітэта належыць перадусім забеспячэнне належнага стану касцёла, іншых культавых будынкаў і пабудоў, забеспячэнне парафіі ўсім неабходным для правядзення Божага культу, абрадаў, працэсій і іншых мерапрыемстваў. Гэты ж камітэт павінен таксама дбаць пра фінансавыя справы парафіі, у тым ліку заключаць дагаворы з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, а таксама займацца тым, што служыць дабру парафіяльнай супольнасці. Неабходна, каб касцельны камітэт выконваў свае заданні ў поўным паразуменні з прызначаным дыяцэзіяльным біскупам пробашчам, які ёсць айцом і пастырам парафіі. Кампетэнтны, мудры і актыўны камітэт можа дзейсна дапамагаць пробашчу.

Касцельны камітэт выбірае парафіяльны сход, г. зн. уся парафіяльная супольнасць з шанаваных вернікаў, якія прызнаюць вучэнне Каталіцкага Касцёла, рэгулярна ўдзельнічаюць у набажэнствах, прымаюць сакраманты і не звязаны касцельным пакараннем, якое выключае паўнавартасны ўдзел у жыцці Касцёла.

Другі Ватыканскі Сабор у 15 нумары “Дэкрэта пра місійную дзейнасць Касцёла Ad gentes” вучыць, што парафія – гэта знак Божай прысутнасці ў свеце, таму патрэбна, каб усе яе чальцы стваралі супольнасць веры, любові, праслаўлення і малітвы, а ў складаныя моманты напаўняліся надзеяй, памятаючы пра словы Збаўцы: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адно да аднаго” (Ян 13, 35).

для друку для друку