Для Бога няма чужых дзяцей

«Юзаф таксама Езуса ўсынавіў, а спачатку быў супраць! Памятаем, як хацеў адпусціць Марыю, калі даведаўся, што Яна цяжарная». Гэтыя словы, якія сказаў пяць гадоў таму айцец Раман Шульц у прыватнай размове з Аляксандрам і Таццянаю, сталі для іх лёсавызначальнымі, як і для іх усыноўленага сына Давіда Антонія.

Так сталася, што Аляксандр і Таццяна не могуць мець сваіх дзяцей, таму вырашылі з мужам узяць немаўлятка з Дзіцячага дома. Сабралі дакументы, прайшлі курсы падрыхтоўкі да ўсынаўлення, а потым… потым пачалося самае пакутнае. У Рэспубліканскім цэнтры па ўсынаўленні ім далі стос папак з інфармацыяй пра дзяцей сіротаў — маленькія чорна-белыя здымачкі і вялізны пералік дыягназаў. Праз некалькі гадзінаў знаёмства з такім «дасье» Таня спыталася ў спецыяліста, ці няма ў іх выпадкова мулаціка (аказваецца, яна марыла менавіта пра такое дзіця). Ёй адказалі, што ў Віцебску ёсць такі хлопчык, і ў хуткім часе сужэнцы былі ўжо там…

Дзевяцімесячны хлопчык, які пасля вятранкі быў у зялёнцы і ў бляклым адзенні са спецыфічным пахам, не спадабаўся тады патэнцыяльным бацькам. Саша быў катэгарычна супраць такога ўсынаўлення, але Таня, насуперак эмоцыям, казала, што гэта дакладна тое дзіця, якое трэба браць (узрост да года і адносна здаровы), а калі пачаць перабіраць дзяцей, то можна не спыніцца ніколі. Яны нават пасварыліся паміж сабою. З вялікай цяжкасцю, хутчэй проста валявым рашэннем, усё ж зрабілі крок насустрач гэтаму няшчаснаму маленькаму чалавечку. Аднак для таго, каб падаць дакументы ў суд на ўсынаўленне, патрэбна была паперка ад псіхолага Дома дзіцяці, які мусіў быць толькі заўтра. Давялося шукаць у Віцебску начлег. Провідам Божым трапілі да айцоў дамініканаў. Размова з айцом Раманам Шульцам прынесла супакой і палёгку для сужэнцаў, пасля чаго Саша пайшоў у капліцу і правёў там амаль усю ноч. Рашэнне ўсынаўляць менавіта гэта дзіця яшчэ больш умацавалася, але ўзніклі чарговыя перашкоды — у Доме дзіцяці сказалі, што хлопчык, магчыма, глухі. Зноў слёзы і перажыванні! Хутка высветлілася, што гэта не глухата, але аўтычны спектр, які праяўляецца такім чынам. Акрамя гэтага дыягназа, у малога быў хранічны абструктыўны бранхіт, рахіт, а таксама праблемы ў псіхаэмацыйнай сферы. Здавалася, што перашкодам для ўсынаўлення не будзе канца, аднак з Божаю дапамогаю ўсе яны былі пераадоленыя, і вось нарэшце бацькі выйшлі з Дзіцячага дома з сыночкам на руках. Адразу ж паехалі да айцоў дамініканаў, якія благаславілі іх і павіншавалі сям’ю з папаўненнем…

Дома ў Мінску іх чакала чарговае выпрабаванне — бацькі Таццяны і Аляксандра ўспрынялі такі крок сваіх дзяцей як трагедыю. Чаго толькі не давялося тады ад іх пачуць: «Ганьба! Негрыцёнак! Што людзі скажуць! Няхай бы беленькага ўзялі!..» Але з часам усе супакоіліся.

Сёння Давіду Антонію ўжо 6 гадоў. Ён атулены любоўю і пяшчотаю сваіх бацькоў. Тата возіць яго на секцыю па баскетболе. Працуе з хлопчыкам і лагапед-дэфектолаг. Дактары гавораць, што да 12-ці гадоў ён павінен дагнаць у развіцці сваіх равеснікаў. Пакуль жа прыкметы яго гіперактыўнасці і трывожнасці можна заўважыць, аднак больш кідаецца ў вочы тое, як ён любіць сваіх бацькоў і які ён шчаслівы. А тата Аляксандр прызнаецца: «Я вельмі ўдзячны Пану Богу, што ўсё так сталася. Давід — самы лепшы! Я яго вельмі люблю!» Таццяна таксама сказала, што без Давіда ўжо не ўяўляе свайго жыцця, а потым з болем у сэрцы дадала: «Вельмі хочацца, каб людзі разумелі, што дрэнныя паводзіны дзіцяці — гэта не заўсёды наша віна. Ніхто не ведае, колькі мы аддаём сілаў, каб дапамагчы такому дзіцяці. У касцёле нам рабілі заўвагі, але мы ні разу не вывелі дзіця са святой Імшы. Пакутавалі, было сорамна, але ёсць станоўчы вынік — Давід ведае ўсю Імшу на памяць, а калі з-за хваробы мы не ідзём у касцёл, для яго гэта — трагедыя».

Хутка будзе тры гады, як Таццяна з Аляксандрам удачарылі яшчэ і шасцімесячную дзяўчынку, якую назвалі Марыям Тэрэзаю. Беленькая прыгажунька, вельмі падобная знешне да Таццяны. Клопатаў па ўдачарэнні было менш, чым з Давідам, а вось дыягназы былі таксама складаныя, адзін з іх — парок сэрца. Марыям аказалася вельмі развітым дзіцяткам — рана пачала размаўляць, прыгожа малюе і спявае, а нядаўна пасля медыцынскага абледавання высветлілася, што ў дзяўчынкі практычна знік парок сэрца. Дактары здзіўлена пыталіся ў бацькоў, што яны рабілі для гэтага. «Любім і молімся», — адказалі тыя. У нашай размове Таццяна прызналася: «Нам часам бывае так цяжка і складана, што апускаюцца рукі і я плачу, але добра ведаю, у Каго можна знайсці падтрымку. Толькі ў Бога!»

Таццяна нарадзілася ў Мінску, у каталіцкай сям’і, але касцёл пастаянна наведвала толькі ў дзяцінстве. Потым быў перапынак, амаль што да сустрэчы з Аляксандрам, які аказаўся нават не ахрышчаным. Яго тата, армянін, пасля службы ў войску застаўся ў Мінску і ажаніўся з беларускаю дзяўчынаю. Пра Бога і веру ў сям’і Грыгар’ян ніколі не гаварылася. Саша ўсяго адзін раз быў у касцёле — Таня прапанавала зайсці ў катэдру. Пасядзелі ў пустым касцёле, памаўчалі, але аднойчы ён вельмі рашуча сказаў Таццяне: «Хачу ахрысціцца!» Па даведніку знайшлі адрас парафіі, якая адпавядала іх месцу жыхарства — мікрараён Лошыца. Аляксандр успамінае, што з дрыжыкамі ў каленях падышоў пасля святой Імшы да ксяндза Генадзя Кухарэвіча і нясмела сказаў: «Прабачце, калі ласка, я б хацеў ахрысціцца». Пры гэтым угнуў галаву ў плечы, чакаючы, што ксёндз пачне крычаць і абурацца, чаму ён да гэтай пары не ахрышчаны, і як жа здзівіўся, калі святар распасцёр рукі, схапіў яго ў абдымкі і з радасцю ўскрыкнуў: «Ой, братка, як добра, што ты прыйшоў!»

Пасля двухмесячнай падрыхтоўкі, у 2009 годзе, на Пасху кс. Генадзь удзяліў Аляксандру сакрамэнт хросту, а таксама павянчаў маладых. Гэтая парафія адразу ж стала для сужэнцаў вельмі блізкаю і роднаю. «Мы былі, нібы адна сям’я, — успамінае Аляксандр. — Як жа гэта было важна для нашага духоўнага ўзрастання! І як жа было потым цяжка амаль 2 гады жыць без пастаяннай парафіі!» Клапоцячыся пра здароўе дзяцей, сужэнцы пераехалі жыць у вёску пад Мінскам, прадаўшы гарадскую кватэру. Сёння яны наведваюць парафію ў Ждановічах. Па словах ксяндза пробашча Аляксандра Фаміных, гэта актыўныя вернікі, якія малітваю і справамі прычыняюцца да таго, каб парафіяльная супольнасць была сапраўднаю сям’ёю родных па духу людзей. Таццяна ў свой час скончыла Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт. Працавала настаўніцаю ў школе, а цяпер выкладае арабскую мову на факультэце міжнародных зносінаў у БДУ. А нядаўна сёстры ўршулянкі запрасілі Таццяну працаваць у «Дабрачынную місію добрага самараніна». Служэнне ў гэтай каталіцкай арганізацыі св. Уршулі Ледухоўскай, дзе знаходзяцца іх дзеці, Таццяна з Аляксандрам лічаць сапраўдным падарункам ад Пана Бога, дарэчы, як і ўсё, што маюць у сваім жыцці. Прызналіся таксама, што вялікі боль пасяліўся ў іх сэрцах пасля наведвання дзіцячых дамоў: зразумелі, што сіроты там не чакаюць ад людзей разавай дапамогі альбо нейкай дабрачыннай акцыі, яны чакаюць мамаў і татаў. Ім патрэбна сям’я! Вельмі б хацелі сваім прыкладам натхніць хоць некага прыняць сірату ў сям’ю, памятаючы пра тое, што для Бога няма чужых дзяцей.

ave-maria.by

для друку для друку