Дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхату прыедзе ў Рым

У рамках традыцыйнага абмену дэлегацыямі, прадстаўнікі Канстантынопальскага Патрыярхату з 27 па 29 чэрвеня будуць знаходзіцца ў Рыме.

Аб гэтым паведаміла Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству. Нагодай стане ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, якая адзначаецца ў Касцёле 29 чэрвеня.

Праваслаўную дэлегацыю ўзначаліць архіепіскап Тэльмісас Ёў, прадстаўнік Канстантынопальскага Патрыярхату ў Сусветнай Радзе Цэркваў і сустаршыня Сумеснай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Архіепіскапа будуць суправаджаць епіскап Малат’і Максімас і дыякан Басфорый Мангафас.

У пятніцу, 28 чэрвеня, іх прыме на аўдыенцыі Святы Айцец Францішак. Затым пройдуць кансультацыі ў Папскай радзе спрыяння хрысціянскаму адзінству. У суботу, 29 чэрвеня, дэлегацыя будзе прысутнічаць на ўрачыстай Эўхарыстыі, якую ўзначаліць Пантыфік.

З часоў візіту Яна Паўла II ў Стамбул у 1979 г., Рым і Канстантынопаль накіроўваюць адзін аднаму свае дэлегацыі для сумесных святкаванняў, прысвечаных святым апосталам Пятру і Паўлу і святому Андрэю Першазванаму. 29 чэрвеня праваслаўная дэлегацыя прысутнічае на ўрачыстасцях у Рыме. 30 лістапада Папа адпраўляе сваіх дэлегатаў у Стамбул. Пачатак традыцыі быў закладзены ў 1969 г., калі старшынёй ватыканскага Сакратарыята спрыяння хрысціянскаму адзінству быў кардынал Ёганэс Вілебрандс.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку