Дэкрэт біскупа Алега Буткевіча “Аб парадку набажэнстваў і душпастырскіх мерапрыемстваў падчас пандэміі каранавіруса”

Шаноўныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

У дадатак да ўжо абвешчанай інструкцыі ККББ ад 13.03.2020г., на падставе Паведамлення Пастаяннай рады ККББ ад 19.03.2020г., у сувязі з далей трываючай небяспекай распаўсюджвання каранавіруса, пастанаўляю наступнае:

1. Удзяліць дыспенсу ад удзелу ў нядзельных і святочных Святых Імшах асобам, якія маюць сімптомы ВРВІ (падвышаная тэмпература, кашаль, галаўны боль г.д.), і асобам якія адчуваюць страх, нярэдка панічны, перад заражэннем.

Пры гэтым варта памятаць, што дыспенса не з’яўляецца забаронай удзелу ў набажэнстве ці Св. Імшы, але звальненнем з абавязку ўдзелу без наступства граху. Разам з тым дыспенса не з’яўляецца звальненнем ад малітвы ўвогуле, наадварот, няхай нашая малітва ў гэтым часе будзе больш інтэнсіўнай і шчырай.

2. Тыя, хто карыстаецца дыспенсай, павінны далучацца да Святой Імшы праз сродкі масавай інфармацыі, напр. праз радыётрансляцыю з Мінскага Архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі (нядзеля, першая праграма Беларускага радыё, 8.15), а таксама відэатрансляцыю на інтэрнэт-партале Catholic.by (8.15, 10.00, 11.30, 13.00 і 18.30), або ў іншых сродках масавай камунікацыі. Партал Catholic.by прадугледжвае таксама тэлетрансляцыі св. Імшы з Мінскай Архікатэдры па буднях (7.15, 8.00 і 18.30).

Пры гэтым ёсць магчымасць прымаць духоўную св. Камунію. Святарам неабходна растлумачыць вернікам, як гэта можна зрабіць.

3. Пажадана, каб абрад пахавання адбываўся толькі на могілках, пры ўдзеле найбліжэйшай сям’і. Св. Імша за памерлага цэлебруецца ў той самы дзень, або іншы, па дамоўленасці з блізкімі памерлага.

4. Кожны дзень у сем’ях ці асабіста ў гадзіну Божай Міласэрнасці ў 15.00 маліцца тройчы “Ойча наш…”, “Вітай Марыя”, “Хвала Айцу…” + Вяночак да Божай Міласэрнасці, і (або) у 20.30 святы Ружанец, каб супольна ахінуць усю краіну гэтымі традыцыйнымі для нашага народа малітвамі. Калі па важных прычынах прапанаваны час не адпавядае, то можна ўключыцца ў малітву ў любы іншы час.

5. Па магчымасці касцёлы павінны быць адчыненыя для індывідуальнай малітвы і па-за гадзінамі Св. Імшы. Святарам неабходна так арганізаваць споведзь у касцёлах і месцах, дзе знаходзяцца хворыя і інваліды, каб кожны мог паяднацца з Богам, Касцёлам і бліжнімі.

6. Структурам Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas па меры магчымасці з захаваннем мераў бяспекі аказваць дапамогу патрабуючым.

7. Усім няўхільна выконваць загады і распараджэнні службаў аховы здароўя і грамадскага парадку.

8. Пробашчам парафій, кіраўнікам іншых структур Каталіцкага Касцёла, а таксама манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця разважліва падысці да арганізацыі розных евангелізацыйных, катэхетычных і іншых мерапрыемстваў з пункту гледжання пастырскай неабходнасці іх правядзення падчас эпідэміі і разгледзець магчымасць іх адмены або перанясення на іншы час.

9. Не паддавацца паніцы, якая не з’яўляецца добрым дарадчыкам, але, як належыць людзям веры, даверыцца Міласэрнаму Богу, а таксама лекарам, якія з’яўляюцца інструментамі ў Божых руках, і адказным за захаванне грамадскага парадку.

10. Пададзеныя ў гэтым Дэкрэце пастановы абавязковыя да іх адмены.

Давяраю ўсіх вас апецы Маці Божай Браслаўскай, Святога Язафата Кунцэвіча і Андрэя Баболі, з надзеяй на іх заступніцтва перад Богам у прадухіленні гэтай хваробы і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і + Духа Святога. Амэн.

Віцебск, 20 сакавіка 2020.

+ Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

для друку для друку